Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву
Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Азначэнне літаратурнага працэсу.Содержание книги
Поиск на нашем сайте Літаратурным працэсам называецца складанае, гістарычна і сацыяльна абумоўленае развіццё і функцыянаванне літаратуры і з’яў, што ёй спадарожнічаюць, у пэўны часавы адрэзак у пэўнай краіне, рэгіёне альбо наогул у свеце (літаратурны працэс у глабальным, сусветна-гістарычным маштабе). «Літаратурны працэс цесна звязаны з грамадска-палітычнымі абставінамі, пануючай ідэалогіяй у краіне, з філасофскай думкай, этычнымі прынцыпамі і эстэтычнымі ідэаламі пэўнага часу, з распрацаванасцю літаратурнай мовы і развіццём розных відаў мастацтва. <...> Для літаратурнага працэсу характэрны такія прыкметы, як масавасць і бесперапыннасць літаратурных з’яў і фактаў, пісьменніцкія ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы, пераемнасць і развіццё літаратурна-мастацкіх традыцый» [203]. У кожны гістарычны момант літаратурны працэс уключае ў сябе як самі мастацкія творы, сацыяльна, ідэалагічна і эстэтычна неаднародныя і рознаякасныя (ад высокіх узораў да эпігонскай, бульварнай ці масавай літаратуры), так і формы іх грамадскага бытавання: публікацыі, выданні, літаратурную крытыку, водгукі вядомых дзеячаў культуры, мастацтва, палітыкаў, а таксама звычайных чытачоў, выказаныя з пэўнай нагоды і апублікаваныя ў друку альбо занатаваныя ў мемуарах ці эпісталярнай літаратуры. «Неад’емнымі кампанентамі літаратурнага працэсу апошніх стагоддзяў сталі як факты літаратурнага «самапазнання» эпохі (праграмы літаратурнай творчасці, літаратурныя маніфесты), так і барацьба розных ідэйна-мастацкіх напрамкаў і плыней» [204]. Тэорыя літаратурнага працэсу асэнсоўваецца з дапамогай цэлага шэрагу паняццяў-тэрмінаў, наконт змястоўнага напаўнення якіх няма поўнага адзінства ў асяроддзі літаратуразнаўцаў. Таму мы, наколькі нам гэта ўдасца, паспрабуем даць дадзеным паняццям-тэрмінам найбольш шырокаўжывальную трактоўку. Характарыстыку паняццяў-тэрмінаў тэорыі літаратурнага працэсу неабходна, на нашую думку, пачаць з літаратурна-мастацкага альбо творчага метаду [205]. Пад ім, піша В. Рагойша, падразумяваецца «сістэма гістарычна абумоўленых творчых прынцыпаў, якімі мастакі, блізкія па сваіх ідэйна-мастацкіх пазіцыях, кіруюцца пры адборы, абагульненні і ацэнцы жыццёвых з’яў» [206]. Паводле М. Мешчараковай, мастацкім метадам называецца «асаблівы тып вобразнага бачання свету (канцэпцыя свету і чалавека); гістарычна сфарміраваны спосаб адлюстравання (узнаўлення і перастварэння, тыпізацыі) рэчаіснасці; агульны прынцып адбору, абагульнення і ацэнкі жыццёвага матэрыялу, выяўлення ў ім галоўнага і яго мастацка-вобразнага адлюстравання; агульны тып падыходу пісьменніка да рэчаіснасці. Паняцце метаду мастацкага ўключае ў сябе: 1) прынцыпы мастацкага адбору; 2) спосабы мастацкага абагульнення; 3) прынцыпы эстэтычнай ацэнкі рэчаіснасці з пазіцый ідэалу; 4) прынцыпы мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці ў творах мастацтва» [207]. Мастацкі метад «бывае рэалістычны і нерэалістычны, прадуктыўны (фарміруючы мастацкую сістэму) і непрадуктыўны (утвараючы адзін літаратурны напрамак)» [208]. Гісторыя развіцця сусветнага прыгожага пісьменства ведае такія мастацкія (творчыя) метады, як барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, натуралізм, мадэрнізм (магчыма, ужо можна весці гаворку і аб постмадэрнізме). На аснове практычна ўсіх іх утварыліся адпаведныя літаратурныя напрамкі ў сваім канкрэтным стылявым выяўленні (г. зв. «вялікія стылі», паводле Дз. Ліхачова). Унутры літаратурных напрамкаў (альбо як адгалінаванні ад іх) часам узнікаюць літаратурныя плыні (грамадзянская плынь у рускім рамантызме; імпрэсіянізм, футурызм і інш. у мадэрнізме), групоўкі («Бура і націск», «Гёцінгенскі гай» у Германіі, «Арзамас» у Рассіі, «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» на Беларусі) і школы («азёрная школа» ў англійскім рамантызме, кубафутурызм у рускім футурызме і інш.). Самым буйным утварэннем, у якім (ці ў межах якога) развіваецца пераважная большасць літаратуры цэлага кантынента альбо наогул усяго свету ў пэўны эпахальны адрэзак часу (перыяд), лічыцца мастацкая сістэма — «спецыфічна мастацкая разнавіднасць гістарычна ўтворанага тыпу грамадскай свядомасці і дзейнасці, якая валодае сваімі змястоўнымі кампанентамі і сваім тыпам сувязей паміж імі, а значыць, і сваімі самымі агульнымі асаблівасцямі мастацкай формы» [209]. І. Волкаў вылучае ў гісторыі сусветнага мастацтва і літаратуры такія мастацкія сістэмы [210], як антычная класіка, гуманістычная літаратура Адраджэння, класіцызм, літаратура Асветніцтва ХVІІІ ст., рамантызм, рэалізм, мадэрнізм. Літаратурны працэс у глабальным (сусветна-гістарычным) маштабе даследуе параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства. Апошняе пры гэтым цесна судакранаецца з гістарычнай паэтыкай, у цэнтры ўвагі якой, як ужо адзначалася вышэй,— вывучэнне шляхоў эвалюцыі асобных мастацкіх прыёмаў і іх сістэм, а таксама відаў і жанраў прыгожага пісьменства.
50. Праблема пераемнасці і абнаўлення, традыцый і наватарства ў літаратурным працэсе Вынесеныя ў загаловак бінарныя паняцці-тэрміны асэнсоўваюць складаныя суадносіны ў літаратурным працэсе паміж узнікаючым новым і тым, што, будучы ў свой час здабытым, выпрацаваным, наследуецца, працягваецца ад эпохі да эпохі. Традыцыя (ад лац. traditio — перадача, паданне) — гэта культурна-мастацкі вопыт мінулых эпох, успрыняты і засвоены пісьменнікамі як актуальны і ўвесь час каштоўны, выступаючы для іх у якасці творчага арыенціру. «Ажыццяўляючы сувязь часоў, традыцыя знамянуе выбіральнае ініцыятыўна-стваральнае авалодванне спадчынай папярэдніх пакаленняў у імя вырашэння сучасных мастацкіх задач» [211]. Традыцыі заканамерна «спадарожнічае абнаўленне літаратуры, г. зн. наватарства», якое «выступае як творчая перакампаноўка і дабудоўванне ўзятага ў папярэднікаў, а ў найбольш яркіх і маштабных праявах — як узнікненне ў літаратурным працэсе беспрэцэдэнтна новага, якое мае сусветна-гістарычную значнасць» [212]. Такім новым, для прыкладу, з’яўляецца: асваенне прыватнага жыцця чалавека сентыменталістамі; адкрыццё бясконцасці суб’ектыўнага свету і ірацыянальнага пачатку псіхікі рамантыкамі; узнаўленне «дыялектыкі душы» рэалістамі, і ў першую чаргу Ф. Дастаеўскім і Л. Талстым; радыкальная трансфармацыя драматургічных форм А. Чэхавым. Традыцыя рэалізуе сябе з дапамогай уплываў, запазычанняў, а таксама наследавання канонам (пераважна ў літаратурах старажытнасці і сярэднявечча). Выступаючы часта як свядомая, «праграмная» арыентацыя пісьменнікаў на папярэдні вопыт, традыцыя разам з тым можа ўваходзіць у літаратурную творчасць стыхійна, незалежна ад намераў аўтараў. У якасці традыцыйнага пісьменнікамі засвойваецца вельмі многае — ад тэматычных пластоў да складаных стылістычных фігур і прыёмаў. Сусветнае прыгожае пісьменства за час свайго развіцця стварыла цэлы фонд пераемнасці. Самае запатрабаванае з таго, што знаходзіцца ў дадзеным фондзе, даволі часта ў апошнія часы імянуецца топікай. Як канстатуе В. Халізеў, «топіка разнародная. Нязменна прысутнічаюць у літаратурнай творчасці тыпы эмацыянальнай настраёвасці (узвышанае, трагічнае, смех і г. д.), маральна-філасофскія праблемы (дабро і зло, ісціна і прыгажосць), «вечныя тэмы», спалучаныя з міфапаэтычнымі сэнсамі, і, нарэшце, арсенал мастацкіх форм, якія знаходзяць сабе прымяненне заўсёды і ўсюды» [213]. Гармонія традыцый і наватарства як пачаткаў узаемадапаўняльных — важнейшая ўмова плённай і маштабнай літаратурнай творчасці. Для літаратуры і мастацтва з’яўляецца малапрадуктыўным (калі не згубным), з аднаго боку, культ самадастатковага наватарства, «творчасці з нічога», разумовага эксперыментавання, а з другога — кансервацыя традыцый, звужэнне іх да традыцыйнасці, недавер да новага, што ў канчатковым выпадку вядзе да эпігонства. 51. літаратурныя сувязі і ўплывы Літаратурныя сувязі і ўплывы з’яўляюцца неад’емным кампанентам і надзвычай істотным фактарам літаратурнага працэсу. У агульнай сістэме літаратурных сувязей В. Рагойша вылучае тры іх асноўныя разнавіднасці: кантактныя, генетычныя і тыпалагічныя. Пад кантактнымі літаратурнымі сувязямі «маюцца на ўвазе ўсе формы непасрэдных сувязей: пераклад мастацкі, асабістыя сувязі пісьменнікаў, крытычныя водгукі аднаго аўтара на другога і г. д.» [214]. Генетычныя сувязі ўтвараюць наследаванні, уплывы, запазычанні. Пісьменнікамі-папярэднікамі ствараюцца пэўныя ідэйна-мастацкія традыцыі, якія потым могуць выяўляцца ў творчасці пісьменнікаў наступных пакаленняў у выглядзе ўплыву, а то і прамога запазычання, «пры якім захоўваюцца асноўныя, дамінантныя рысы першакрыніцы, хоць твор мае самастойнае значэнне» [215]. Тут варта нагадаць паняцце «рэмінісцэнцыя», аб якім у нас ішла гаворка пры разглядзе моўна-стылёвых асаблівасцей твора. Пад тыпалагічнымі літаратурнымі сувязямі (больш правільна — тыпалагічнымі сыходжаннямі) падразумяваюцца «ідэйна-мастацкія супадзенні ў літаратуры розных народаў, абумоўленыя не ўплывам аднаго народа на другі, а блізкасцю іх жыццёвых абставін, цыклічнасцю развіцця мастацкай культуры» [216]. Працэс ажыццяўлення літаратурных сувязей, іх непасрэднага выяўлення даволі складаны і своеасаблівы. Звычайна літаратура, якая дасягнула больш высокага ўзроўню ў сваім развіцці, аказвае пэўны ўплыў на другія, як правіла, суседнія літаратуры. Такім можна лічыць уплыў італьянскага Адраджэння ХV–ХVІ стст., французскага класіцызму ХVІІ ст., англійскага і французскага Асветніцтва ХVІІІ ст., нямецкага, а затым англійскага і французскага рамантызму пач. ХІХ ст., англійскага і французскага, а затым рускага рэалізму ХІХ ст. на літаратуры розных краін. Калі звярнуцца да гісторыі беларускага прыгожага пісьменства, і асабліва да перыяду ХІХ — пачатку ХХ стст., то на яго аказалі даволі істотны ўплыў больш развітыя руская і польская літаратуры. Адваротных выпадкаў практычна не назіраецца. Разам з тым могуць мець месца моманты, калі больш раннія формы і стылі праз даволі працяглы час пасля таго, як яны пакінулі літаратурную авансцэну, пачынаюць аказваць істотны ўплыў на навейшую літаратуру. У якасці прыкладу можна прывесці незвычайную цікавасць рамантыкаў да фальклору; іх жа, рамантыкаў, а таксама рэалістаў да У. Шэкспіра і г. д. Самым жа яркім прыкладам, які пацвярджае дадзены тэзіс, будзе ўказанне на творчае пераасэнсаванне антычных традыцый на працягу ўсёй гісторыі развіцця еўрапейскага прыгожага пісьменства. У сітуацыі ўплываў, а то і прамых літаратурных запазычанняў, роля «ўспрымальніка» далёка не пасіўная: як правіла, успрыманне дыктуецца ўнутранымі патрэбамі ўспрымаемай літаратуры, яе, як трапна выразіўся ў свой час А. Весялоўскі, «сустрэчнымі тэндэнцыямі» і асаблівасцямі эвалюцыі. «Узаемадзеянне ўплыву з «сустрэчнымі тэндэнцыямі» прыводзіць да творчай перапрацоўкі вопыту другіх літаратур і разам з тым — да барацьбы са знешнім перайманнем, да прабуджэння творчых сіл нацыі, абвастрэння цікавасці да народных асноў мастацтва» [217]. У цэлым літаратурныя сувязі і ўплывы адыгрываюць прадуктыўную ролю, бо прыводзяць, як правіла, да істотнага паскарэння літаратурнага працэсу ў тых краінах, якія па нейкіх прычынах адсталі ў сваім развіцці, дапамагаюць перадачы і засваенню перадавога мастацкага вопыту, робяць літаратурнае жыццё больш разнастайным і цікавым. Яны складаюць «важнейшы фактар станаўлення і ўмацавання сімфанічнага адзінства рэгіянальных і нацыянальных літаратур» [218].
|
||
|
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 1010; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 216.73.216.10 (0.012 с.) |