Ракеты вайсковыя і пацяшальныя 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Ракеты вайсковыя і пацяшальныя

Асаблівай увагі гісторыкаў навукі і тэхнікі заслугоўвае раздзел кнігі К.Семяновіча, які мае назыу «Аб ракетах» Раздзел прысвечаны выкладу метадаў разліку і выбару ракет разнастайных тыпаў, ужывальных як у вайсковай справе, так і дзеля цывільных патрэбаў.
Галоўная частка раздзела аб ракетах і змяшчае апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзясяткаў тыпаў ракет. Тут і ракеты з жэрдкай у якасці стабілізатара, ракеты з хваставымі стабілізатарамі-крыламі, ракеты, што запускаюцца з спецыяльных станкоў, ракеты, якія бегаюць па вадзе або плаваюць і раскідваюць іскры, ракеты, што рухаюцца туды і назад па вяровачках, ды інш. Асаблівая цікавасць у сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі - да сустаўных (вязкі ракет) і шматступеневых ракет - далёкіх продкаў сучасных касмічных працаўнікоў.
Шматлікія з апісаных К.Семяновічам ракет былі вядомыя яму з літаратурных крыніц, многія ўпершыню прапанаваныя ім, у тым ліку і шматступеневыя ракеты. І, такім чынам, доўгая спрэчка пра тое, хто вынайшаў шматступеневую ракету - ці гэта быў рускі вучоны К.Цыялкоўскі, ці бельгійскі інжынер Р.Бінг, ці амерыканскі вучоны Р.Годард развязваецца крыху нечакана: канструкцыю шматступеневай ракеты ўпершыню апісаў у сваёй кнізе ў 1650 годзе вайсковы інжынер Казімір Семяновіч.
Яшчэ адным істотным адрозненнем раздзела аб ракетах ад наяўных у тым часе дапаможнікаў па піратэхніцы з'яўляецца поўнае, без ніякіх сакрэтаў і недагаворвання, апісанне метадаў вырабу ракет і парахавых сумесяў да іх, бо, як піша К.Семяновіч, «калі наблізіць да запаленай лампады тысячы незапаленых, каб яны загарэліся ад яе, то яна нічога не страціць ад свайго алею і полымя, дзякуючы якім ясна свеціць...» На працягу не толькі гэтага раздзела, але і ўсёй кнігі аўтар неаднаразова горача выступае супраць тагачаснай практыкі засакрэчвання рамеснікамі сваіх ведаў. «Я ўсё тут паведамляю, - піша ён, - не палохаючыся крумкання балотных жабаў».
Выкладаючы такую істотную асаблівасць ракеты, як свідраванне адтуліны (сапла) у яе парахавым зарадзе, вучоны, у прыватнасці, зазначае: «Я не змог з поўнай дакладнасцю вызначыць, ці з'яўляецца новым вынаходствам свідраванне ракет у часе іх вырабу або пасля, з мэтай атрымання ў цвёрдай і ўшчыльненай матэрыі адтулін пэўнай вышыні і шырыні, ці яно даўняе... Думаю, што старадаўнія піратэхнікі аддалі глыбокаму маўчанню справу свідравання адтулін як найважнейшую таямніцу і, раскрываючы іншыя сакрэтныя абрады гэтага мастацтва, цалкам выкінулі гэтую падрабязнасць. Старанна прагледзеўшы ўсе працы даўнейшых піратэхнікаў, якія я мог знайсці, я зусім нічога не адшукаў аб свідраванні ракет. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо я ведаю, што яшчэ і цяпер нашы піратэхнікі прытрымліваюцца таго, каб вельмі неахвотна адкрываць сакрэты штучных агнёў і выдаюць іх толькі асобам, якія з гэтых ведаў маюць намер зрабіць сваю прафесію, іншым жа - толькі дзеля якой-небудзь нагароды ці знаходзячыся ў стане ап'янення, калі яны лёгка адкрываюць стоеныя ў іх душах як гэтыя, так і іншыя рэчы».
Да канструявання ракет К.Семяновіч падыходзіць не як рамеснік, а як вучоны-прыродазнавец. Шматлікія эксперыменты прывялі яго да высновы, што форма вонкавага контуру ракеты істотна ўплывае на ўстойлівасць і далечыню яе палёту. Вынікам гэтых доследаў было таксама ўвядзенне новага параметра, важнага для аэрадынамічных уласцівасцяў ракеты, - стасунку яе дыяметру да даўжыні. Вызначыўшы эксперыментальна аптымальны дыяметр ракеты дадзенай даўжыні і склаўшы табліцу значэнняў даўжыні ракет дадзенага дыяметру, якую «... мне падказалі не столькі мастацтва і спекулятыўная тэорыя, колькі практыка і вялікія грашовыя выдаткі», вучоны адзначае, што «ў пісаннях старадаўніх аўтараў мы дарэмна шукалі б памянёную вышэй прапорцыю, бо ўсе яны, колькі іх можна было знайсці (а мы трымалі ў руках працы аб піратэхніцы 25 аўтараў), вельмі розняцца адзін ад другога; ад іх усіх да вынікаў нашых даследванняў, як да неба, і яны даюць супярэчлівыя вынікі».
Завяршаецца раздзел аб ракетах рэкамендацыямі па канструяванні, якія па-свойму з'яўляюцца рэзюме даследванняў К.Семяновіча ў галіне ракетнай тэхнікі і не страцілі свайго значэння да нашага часу (прынамсі, для невялікіх цвёрдапаліўных ракет). Вось некаторыя з гэтых рэкамендацый: форма ракет мусіць мець вышыню, прапарцыйную дыяметру выходнай адтуліны; прасвідраваную адтуліну неабходна зрабіць па магчымасці роўнай, прычым пасярэдзіне сумесі, і яна не павінна адхіляцца больш у адзін бок, чым у другі; не трэба змушаць ракеты падымаць угару вялізны і непрапарцыйны іх сілам цяжар. І нават калі б ён быў прапарцыйны, то павінны прычэплівацца да ракет такім спосабам і мець такую форму, каб гэта спрыяла лягчэйшаму разрыванню паветра і сустракала меней перашкод і супору з яго боку пад час вертыкальнага ўзлёту, вельмі цяжкога для ўсіх кінутых і штурхнутых целаў. І чым большая ракета, тым дакладней трэба выконваць умову, каб яна з прычэпленымі цяжарамі мела выгляд піраміды ці конуса, бо целы такой формы зазнаюць меншы супор паветра, чым іншыя, а ў часе палёту маюць адкрытую дарогу, нягледзячы на тое, што цела ў форме шара значна больш прыдатнае для вярчэння ў паветры.
Зноў звяртае на сябе ўвагу эксперыментальнае майстэрства і назіральнасць К.Семяновіча. Напрыклад, рэкамендацыя па прадухіленні куляння ракеты ў палёце змяшчае ў няяўным выглядзе закон захавання моманту імпульсу. І можна толькі здагадвацца, колькі запускаў ракет, колькі цярпення і ўважлівасці запатрабавала ад яго выяўленне сувязі паміж куляннем і размяшчэннем сапла ракеты. Далей адзначаецца залежнасць супору паветра ад формы вонкавага контуру ракеты. Нагадаем, што пытанні руху целаў у асяроддзях, якія супраціўляюцца руху, распачалі сістэматычна вывучаць толькі пры канцы ХVІІ стагоддзя.
Надзвычай цікава было б высветліць, як К.Семяновіч уяўляў сабе прычыну руху ракеты. Рэч у тым, што адным з сама ўстойлівых памылковых поглядаў, які суправаджаў ракетныя даследванні, быў погляд, што ракета рухаецца з прычыны адштурхвання ад навакольнага асяроддзя часцінак, якія выкідваюцца з рэактыўнага сапла ракеты. І нават яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя амерыканскі прафесар Р.Годард, адзін з піянераў сучаснай ракетнай тэхнікі, каб рассеяць сумненні ў гэтым пытанні, выканаў вельмі складаныя эксперыменты, стварыўшы канструкцыю, якая дазваляла ажыццявіць выцяканне газаў рэактыўнага рухавіка ў пасудзіну з паніжаным ціскам. І толькі пасля гэтага ён зрабіў выснову, што аддача ёсць вынікам дзеяння струменю газу, а не адштурхвання ад паветра.
На жаль, погляды К.Семяновіча на прычыны руху ракеты павінны быць выкладзеныя ў другой, згубленай частцы кнігі. А ў раздзеле, прысвечаным канструяванню ракет, сустракаецца толькі некалькі сціслых заўваг, па якіх цяжка адназначна аднавіць гэтыя погляды. Так, з аднаго боку, растлумачваючы неабходнасць свідравання адтулін у парахавым зарадзе, ён піша, што «гэта карысная рэч, без якой ракета проста не змагла б уздымацца ўгару, бо інакш агонь не дасягнуў бы нутра, каб запаліць матэрыял, а ўласцівасцю яго прыроды ёсць тое, што ўсё, што аддаецца яго ўладзе, ён забірае з сабою, адыходзячы да свайго месца, і з гэтай прычыны падымае і штурхае трубу ракеты з усялякімі дадаткамі, пакуль стае матэрыялу».  З другога боку, тут жа, кажучы пра тое, што адтуліна павялічвае паверхню гарэння, вучоны піша: «... гэтая форма вылету полымя забяспечвае больш лёгкае выгрызанне матэрыялу; агонь вяртае сваю сілу, калі выцякае і з вялікай магутнасцю кідае ракету». Тут важна тое, што прычына руху ракеты, паводле К.Семяновіча, - агонь, «які выцякае», ці, па сутнасці, гарачыя газы; словы ж пра тое, што агонь «вяртае сваю сілу», наводзяць на думку, што К.Семяновіч меў нейкае ўяўленне пра закон захавання імпульсу і ў кожным разе не падзяляў распаўсюджаных памылковых поглядаў пра адштурхванне ад паветра як прычыну руху ракеты.
Кніга К.Семяновіча на многія гады перадвызначыла шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі, была з вялікай зацікаўленасцю і ўвагай сустрэтая ў Еўропе. Яна лягла важкай цаглінай у падмурак будучага касмічнага ракетабудавання.

Заканчэнне
На небасхіле беларускай нацыянальнай навукі нямала зорак першай велічыні. Адна з іх ззяе сваім нязгасным святлом вось ужо больш за 300 гадоў. Сімвалічна, што цяпер ужо цэлы шэраг нашых суайчыннікаў займаецца праблемамі ракетнай тэхнікі. І сёння, гаворачы пра стваральнікаў ракетнай тэхнікі, мы павінны ўсведамляць, што сярод выдатных ракетнікаў і інжынераў побач, ангельцам У.Конгрэвам, французам Р.Эно-Пельтры, амерыканцам Р.Годардам, немцамі Г.Обэртам і В.фон Браўнам, рускімі К.Э.Цыялкоўскім і С.П.Каралёвым назаўсёды прапісаліся імёны беларусаў К.Семяновіча, Б.Кіта.
Пэўна ж, няма ў Беларусі чалавека, які б не ведаў імёнаў нашых славутых землякоў - Пятра Клімука і Ўладзіміра Кавалёнка. Гэтыя вядомыя касманаўты ўжо не ўдзельнічаюць у касмічных палётах, але яны не сышлі з абранага шляху. У. Кавалёнак узначальвае ў Маскве навукова-доследны інстытут, які займаецца праблемамі авіяцыйнай і касмічнай тэхнікі. Плённа працуе ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына П.Клімук. У 1991 годзе ён прызначаны начальнікам гэтага цэнтра.
Нарэшце, не забывайма, што ў шэраг найвыдатнейшых авіяканструктараў уваходзіць Павел Сухі (1895-1975), родам з Глыбокага, што на Віцебшчыне. Ён ствараў узоры тэхнікі «на мяжы навуковай фантастыкі». Яго называлі «квінтэсэнцыяй савецкай авіяцыі»[9]. Самалёты П.Сухога (Су-29, Су-37 ды інш.) належаць да ліку найлепшых самалётаў у свеце. Гэта, па сутнасці, тыя ж ракеты, толькі з крыламі.
Такім чынам, эстафета навуковых даследванняў праз стагоддзі перайшла ад Казіміра Семяновіча да ягоных нашчадкаў. Добра было б, каб у аснове іх дзейнасці заўсёды ляжаў гуманістычны светапогляд, уласцівы К.Семяновічу: войны ён лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.

Выкарыстаная літаратура

1. Нацыянальны Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] / Казімір Семяновіч (1600? - пасля 1651) – Рэжым доступу: http://library.by/portalus/modules/belarus/referat_readme.php?archive=&id=1162161000&start_from=&subaction=showfull&ucat=3  - Дата доступу : 01.05.2016.

  1. Нацыянальны Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] / TUTэйшыя ў свеце. Як літвін прыдумаў ракету за 250 год да Цыялкоўскага – Рэжым доступу: http://news.tut.by/kaleidoscope/216445.html - Дата доступу : 01.05.2016.

1. Нацыянальны Інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] / У Беларусь вярнуліся ўнікальныя выданні трактата Казіміра Семяновіча– Рэжым доступу: http://budzma.org/news/u-belarus-vyarnulisya-unikalnyya-vydanni-traktata-kazimira-semyanovicha.html - Дата доступу : 01.05.2016.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2024-07-06; просмотров: 50; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 216.73.216.196 (0.006 с.)