Мы поможем в написании ваших работ!
ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
|
Вялікае мастацтва артылерыі»
Праца «Вялікае мастацтва артылерыі» была напісаная на лацінскай мове - міжнароднай мове тых часоў - і выдадзеная фарматам in folio (у аркуш) у друкарні Яна Янсана. Мае гравюру паводле малюнка аўтара, зробленую вядомым галандскім гравёрам Якубам ван Мэйрсам.У кнізе 304 старонкі тэксту і 22 табліцы з 206 малюнкамі, зробленымі самім К.Семяновічам. Усе графічныя аркушы награвіраваў усё той жа Я. Мэйрс. Асноўны тэкст складаюць пяць раздзелаў (кніг), якім папярэднічае «Прадмова». Завяршае працу «Дакончанне». На франтыспісе (гравюра на медзі) намалявана мноства феерверкавых вырабаў.
Мэту выдання сваёй кнігі аўтар выкладае гэтак: «... выданнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі; аднак жа да гэтага часу не мелі кніг, на якіх маглі б вывучаць яе. А калі нават і ёсць некалькі кніг, перакладзеных на нашую мову (ёсць усяго толькі адна-дзве лацінскія кнігі, якімі мы валодаем разам з іншымі нацыямі), дык яны вельмі рэдкія і не абыймаюць усяго прадмету». Змест кнігі К.Семяновіча надзвычай багаты. Польскі гісторык Т.Новак падлічыў, што ў кнізе цытуюцца больш за 200 аўтараў, агульная колькасць скарыстаных твораў даходзіць да 260. З іх больш за палову (55%) складаюць трактаты, напісаныя ў старажытнасці (да канца V ст.), крыху больш за 6% - працы сярэднявечныя (VІ-ХV стст.) і 39% - кнігі эпохі Адраджэння і Новага часу (ХVІ-першая палова ХVІІ ст.). Засяродзім галоўную ўвагу на на пытаннях, якія тычацца артылерыйскай і ракетнай справы. Паколькі кніга «Вялікае мастацтва артылерыі» пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў, яна мае і адпаведную структуру. Першы раздзел «Аб артылерыйскай лінейцы» носіць дапаможны характар у дачыненні да галоўнай тэмы кнігі. У 13 падраздзелах выкладаецца ўсё, што датычыць метадаў вызначэння калібру гармат, радыусаў і вагі ядраў у залежнасці ад роду матэрыялу. Вучоны дэманструе тут надзвычайную эрудыцыю, цытуючы амаль усіх старажытных і сучасных яму матэматыкаў. Разглядаючы пытанне пра вызначэнне радыюса ядра па яго масе, якое зводзіцца да здабывання кубічнага кораня з дадзенага ліку, ён адзначае, што гэтая задача не развязаная з дапамогай цыркуля ды лінейкі і падае некалькі набліжаных арытметычных і геаметрычных спосабаў яе развязання. Для параўнання вагі ядраў аднолькавых памераў з розных матэрыялаў аўтар змяшчае табліцу адноснай вагі ядраў з 19 розных матэрыялаў, палічыўшы за 100 адзінак вагу ядра з золата (такім чынам, па сутнасці, ён дае табліцу ўдзельных вагаў). Большая частка дадзеных узятая ім з кнігі французскага вучонага-францысканца М.Мерсэна* «Гідраўліка» (1644 год). Аднак К.Семяновіч заўважае, што дадзеныя для серы і ліпавай драўніны атрыманы ім з дапамогай уласных вымярэнняў. Параўнанне гэтай табліцы з сучаснымі звесткамі паказвае, што пададзеныя К.Семяновічам лічбы сістэматычна заніжаныя, мабыць, з прычыны завышанага значэння, узятага для вады (рH2O / pAu = 5 2/3 : 100 = 0,057 у К.Семяновіча, рH2O / pAu = 5,166 : 100 = 0,052 па сучасных дадзеных). Грунтуючыся на табліцы адносных вагаў, К.Семяновіч вылічвае табліцу адносных радыусаў ядраў аднолькавай вагі з розных матэрыялаў, зноў узяўшы за 100 радыюс ядра з золата. Тут жа ён падае шматлікія меры вагі, даўжыні, плошчы, аб'ёму і стасункі паміж імі ў розных краін і народаў - як старажытных, так і сучасных. У апошніх падраздзелах тлумачыць прынцыпы работы нераўнаплечага вагара і дае метады ўзважвання целаў з яго дапамогай. Другі раздзел «Аб сродках і матэрыялах, якія выкарыстоўваюцца звычайна ў піратэхніцы» змяшчае 32 падраздзелы. Тут аўтар падрабязна апісвае розныя спосабы атрымання і ачысткі складовых частак пораху - салетры і вугалю, метады вырабу розных гатункаў пораху і праверкі яго баявых якасцяў. Па сутнасці, асноўны змест гэтага раздзела - хімія і тэхналогія вырабу чорнага пораху - адзінага вядомага на той час выбуховага матэрыялу. Тады хімія была ў такім «дзіцячым» стане, што яе сувязь з піратэхнікай абмяжоўвалася спосабамі атрымання салетры, яе ачысткі, драбнення і вырабу цвёрдага ці мяккага вугалю. У апошніх падраздзелах разгледжаны некаторыя спалучаныя з галоўнай тэмай пытанні: выраб гаручых вадкасцяў, кнатоў, пакулля і т.п.; спосабы захоўвання пораху і нават найбольш ужывальныя рэцэпты лекавання апёкаў, якія можна атрымаць пры неасцярожным абыходжанні з порахам ды гаручымі матэрыяламі. З вышыні гісторыі навукі і тэхнікі трэці раздзел кнігі «Аб ракетах» уяўляе найбольшую цікавасць. Тут у 10 падраздзелах даводзяцца шматлікія звесткі пра ракеты, назбіраныя К.Семяновічам у старажытных і сучасных аўтараў. Аднак асноўную частку раздзела складаюць яго ўласныя эксперыментальныя вынікі, якія мы падрабязна разгледзім крыху пазней. Чацверты раздзел «Аб ядрах» складаецца з дзвюх частак. Кожная з іх, як звычайна, дзеліцца яшчэ на падраздзелы. У першай частцы разглядаюцца ядры, што ўжываюцца ў піратэхнічных мэтах для феерверкаў, а ў другой - вайсковае выкарыстанне ядраў. Апісваюцца ядры, якія плаваюць на вадзе і палаюць, скачуць па зямлі і да т.п. Змест гэтага раздзела ўяўляе асаблівую цікавасць для высвятлення прыродазнаўчых поглядаў К.Семяновіча, бо тут ён, не абмяжоўваючыся апісаннем вынікаў сваіх даследванняў залежнасці далечыні палёту ядра ад даўжыні рулі гарматы, калібру, колькасці закладзенага пораху і г.д., спрабуе даць ім рацыянальнае тлумачэнне. На некаторых з гэтых тлумачэнняў мы супынімся ніжэй. І нарэшце, заканчвае кнігу пяты раздзел з доўгім найменнем «Аб розных машынах, рыштунку, прыладах і піратэхнічным абсталяванні, як для забавы, так і для сур'ёзных, г.зн. вайсковых мэтаў», які таксама, як і папярэдні, складаецца з дзвюх частак. У першай частцы даюцца рэкамендацыі па піратэхнічным афармленні феерверкаў з нагоды розных урачыстасцяў і святаў (каранацый, перамог, вяселляў, народзінаў і да т.п.). Аўтар яшчэ раз выяўляе шырокую эрудыцыю ў галіне класічнай грэцкай і рымскай літаратуры, цытуючы апісанні гэтакіх урачыстасцяў з розных старажытных аўтараў. Тут жа падаюцца алегарычныя сімвалы рымскіх і грэцкіх багоў ды іх вытлумачэнне. Не забываецца К.Семяновіч і пра святочнае афармленне народных гулянняў у сябе на радзіме. У другой частцы гэтага раздзела разглядаюцца спосабы вырабу розных выбуховых і запальных прадметаў для вайсковых мэтаў і феерверкаў: выбуховых гаршкоў, збаноў, кубкаў, бутэлек; запальных вянкоў і гірляндаў, якія накідваюцца на плечы праціўніка пад час, калі ён штурмуе фартэцыю; вогненных слупоў, абручоў, шароў, бочак, дзідаў, стрэлаў і да т.п.
Эксперымент як папярэднік вынаходніцтва ракеты ХVІІ стагоддзе звычайна называюць «стагоддзем доследнай навукі». Перавага і шырокае развіццё эксперыментальных даследванняў, асабліва ў галіне механікі і фізікі, былі абумоўленыя, поруч з іншымі акалічнасцямі, яшчэ і тым, што ў гэтым часе ўзнікла сур'ёзная супярэчнасць паміж поспехамі тэхнікі і адставаннем прыродазнаўства. Канкрэтнае развязанне гэтай супярэчнасці непазбежна павінна было ісці шляхам навуковага абагульнення вынікаў тэхнічнага досведу з дапамогаю як эксперыментальных, так і тэарэтычных даследванняў. Шлях развіцця эксперыментальных даследванняў быў у прынцыпе зразумелы: патрабавалася распрацоўка і ўдасканаленне метадаў вымярэння, стварэнне новых вымяральных прыладаў, правядзенне старанных вымярэнняў. Іначай было з тэорыяй. Чыста якасныя гіпотэзы - праўдападобныя, маляўнічыя і дасціпныя - не маглі служыць трывалай базай для тлумачэння эксперыментальных дадзеных. Усе цяжкасці і супярэчнасці станаўлення доследнага прыродазнаўства адлюстраваліся і ў творчасці К.Семяновіча. У яго кнізе выразна прыкметныя традыцыі, якія звязваюць яго з сярэднявеччам, аднак яшчэ выразней выступаюць рысы вучонага Новага часу. Яго папярэднікі ў піратэхніцы і артылерыі рэдка звярталіся да матэматычных вылічэнняў, да законаў фізікі і механікі. К.Семяновіч быў сапраўдным піратэхнікам-вучоным, які паставіў сабе за мэту даказаць, што мастацтва артылерыі - гэта не толькі кемлівасць і спрытныя рукі, але і навуковыя асновы. У сваёй кнізе ён абапіраецца на апошнія дасягненні сучаснай яму навукі. К.Семяновіч уважліва сачыў за развіццём сучасных яму ведаў і адразу ж выкарыстоўваў усё новае, што з'яўлялася ў тагачаснай навуц. . Значных поспехаў дасягае К.Семяновіч там, дзе яго высновы грунтуюцца не на агульнафіласофскіх развагах аб праблеме руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім доследных звестак. У гэтым аспекце вельмі цікавыя высновы, зробленыя ім з праведзеных доследаў на стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі. Можна прывесці шмат прыкладаў назіральнасці К.Семяновіча, што дазваляла яму па-новаму зірнуць на звычныя з'явы і працэсы. Вось, напрыклад, як ён апісвае работу майстра-ракетніка пры запаўненні порахам ракеты: «Чым даўжэйшаю будзе ручка молата і чым вышэй падыме руку майстар, які збіраецца ўдарыць, тым з большаю сілаю молат стукне па пастаўленым ніжэй шомпале, так што мацней будзе біць молат вагою 10 фунтаў, чым другі, у 10 разоў цяжэйшы, які мае ў 10 разоў карацейшую ручку. Прычыны гэтага трэба шукаць у прынцыпах механікі... Шпарчэйшы будзе рух па акружыне (а мы цяпер гаворым толькі пра такі рух) таго прадмета, які больш аддалены ад цэнтра свайго руху, чым таго, які менш аддалены ад гэтага цэнтра. У адпаведнасці з гэтым, калі ўзяць больш доўгую ручку молата ў якасці радыюса акружыны, цэнтр якой знаходзіцца ў плячы майстра, то молат будзе прыводзіцца ў рух лягчэй і хутчэй і ў выніку будзе ўздзейнічаць эфектыўней, чым молат з карацейшай ручкай; гэты молат хоць бы і меў большы цяжар у параўнанні з першым, рухаўся б павольней з тае прычыны, што мае карацейшую ручку». Няцяжка ўбачыць, што ў пададзеным урыўку гаворка ідзе пра колькасныя параметры ўдару, эквівалентныя сучасным фізічным паняццям работы і энергіі. У прыватнасці, калі лічыць, што «сіла, або моц, удару» К.Семяновіча прапарцыйная рабоце молата ў сучасным сэнсе тэрміна «работа», дык яго развагі цалкам правільныя - пры аднолькавай кутавой хуткасці лінейная хуткасць молата прапарцыйная квадрату даўжыні ручкі і толькі першай ступені вагі. Між тым паняцце кінетычнай энергіі («vis viva» Ляйбніца) было ўведзенае ў навуку толькі ў 1686 годзе. . І натуральна, што ў кнізе «Вялікае мастацтва артылерыі» ў дастатку можна знайсці сляды фізікі Арыстоцеля. Характэрны ўзор такога падыходу - тлумачэнне раскідвальнага дзеяння пораху: «... узнікненне рухальнай сілы ў вогненным пораху нельга прыпісаць нічому іншаму, як агню, паднесенаму да пораху. Агонь, зменлівы па сваёй прыродзе, ператварае ўвесь порах у іншую субстанцыю, значна больш тонкую, падобную да яго і прыдатную для яго захавання ды павелічэння. Бо ўсе элементы, наколькі магчыма, ствараюць і павялічваюць сваю форму, калі толькі яны мацнейшыя за тыя, якія ад іх церпяць, бо кожная істота імкнецца да бясконцасці і вечнасці. Гэта датычыць у найвышэйшай ступені і агню, які імкнецца не толькі існаваць, але і разрастацца, а таму (як гаворыць Скалігер), паколькі ён першы і найважнейшы элемент, павялічвае сваю ўладу безупынным панаваннем, падзяляючы, збіраючы і далучаючы да сябе ўсё, што толькі магчыма, каб усё, што падпарадкавалася яго ўладзе, забраць з сабою, калі будзе адыходзіць да свайго месцазнаходжання. Перадаўшы зямлі попел, вадзе - вільготнасць, паветру - подых, сабе забірае тое, што яму належыць. Гэтак абыходзіцца і з порахам, а паколькі субстанцыя пораху амаль што цалкам вогненная, ён усю яе ператварае ў сябе ці ў якоесьці вогненнае паветра, большую частку якога ўсмоктвае, пакідаючы толькі часткі дыму і сажы, якія паходзяць з вугалю ды зямлістай матэрыі, што змяшчаюцца ў дрэнна ачышчаных серы і салетры... Такім чынам, можна лічыць, што сутнасць рухальнай сілы, выкліканай агнём з пораху, складаецца з натуральнага агню і нейкага вогненнага подыху, які ўшчыльняе і згушчае натуральны агонь, які сам па сабе разрэджаны, далікатны і лёгкі, а таму, як гавораць філосафы, сам не згарае і не свеціць. Гэтая сутнасць лёткая, нястрымная, магутная, парывістая, імпэтная, рухальная, уздымная, рассейвальная, разлучальная, ушчыльняльная, сціскальная, злучальная, абагравальная, разрэджвальная, пякучая, яна не церпіць прамаруджвання, ушчыльнення і абмежавання сваёй прасторы, а таксама паўтарэння самой сябе ці адступлення назад». У гэтым дачыненні К.Семяновіч не адзінокі. Цяжка знайсці кнігу першай паловы ХVІІ стагоддзя, прысвечаную прыродазнаўчым пытанням, якая была б цалкам вольная ад схаластычнай традыцыі. Галоўнае ж, што адрознівае кнігу К.Семяновіча ад бальшасці кніг яго сучаснікаў і папярэднікаў, - гэта паслядоўная апора) на дослед пры тлумачэнні назіраных з'яваў.
|