Дазорац-Уладар з планеты Пясчаных Ураганаў 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Дазорац-Уладар з планеты Пясчаных Ураганаў

Стужка ордэнская

І лёгкакрылы матыль можа навеяць успаміны...

 

3 нататніка астранаўта.

Я ўжо даўно не быў у космасе, як, дарэчы, і доктар Савіч. Займаліся выключна зямнымі справамі. На сваёй сядзібе доктар адвёў мне невялікі ўчастак зямлі, куды я перавёз з карабля свой батанічны сад і цяпер цэлымі днямі быў заняты доследамі. Многія расліны не прыжываліся ў зямным грунце і мне даводзілася іх бясконца перасаджваць у розную глебу.

Быў пачатак верасня, а адна расліна — ну проста бы вылепленая са снегу — якую я выкапаў на адной з планет далёкага сузор'я Вялікага Пса, так і не памяняла свайго белага колеру і толькі-толькі выпусціла першы лісток на Зямлі, у што я ўжо не верыў. Таму і хацеў як мага хутчэй паказаць яго доктару Савічу. Але той ужо сам гукаў мяне:

— Сы-ымон! Сымо-он, не паверыш: у нас госць!

Я, вядома ж, пайшоў да альтанкі, адкуль чуўся голас доктара, і пабачыў там Антона, камандзіра нашага экіпажа, з кім найчасцей даводзілася вылятаць у космас. Антон прыехаў да нас з прапановай, і калі мы выслухалі яго, дык адразу і пагадзіліся паляцець да сузор'я Цяльца ў накірунку Крабападобнай туманнасці.

Справа ў тым, што ўжо недзе з год таму назад Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў паслала туды экспедыцыю паназіраць з невялікай адлегласці за гэтай загадкавай газавай туманнасцю, і карабель, дзе пілотам быў саксонец Ганс Мюлер, на адной з планет (трэба меркаваць, сузор'я Цяльца) пацярпеў катастрофу. Ніхто з членаў экспедыцыі, а іх было толькі чацвёра, не загінуў, але на Зямлю яны вярнуцца не маглі. Зоркалёт пад уздзеяннем невядомых энергій распаўся на некалькі частак. Саксонец настойваў на тым, каб па іх паляцелі менавіта мы — беларусы. Маўляў, пабачым там нешта надзвычай цікавае для сябе. А самае галоўнае, што адным з членаў той экспедыцыі была псіхолаг Галя, якую мы неаднойчы бралі з сабою ў касмічныя падарожжы. Як было не паляцець?

I праз паўгода, дзесьці ўжо пад канец зімы, мы стартавалі...

Яшчэ была бачная ў зімовым небе прамяністая зорка Альдэбаран, якую нехта аднойчы назваў «вокам быка». Туды, да яе, і пралёг наш маршрут. Але да Альдэбарана мы не даляцелі, хаця былі зусім блізка ад гэтай зоркі і яе планетнай сістэмы. Так блізка, што маглі бачыць дзве планеты на сваіх экранах. Нечакана на сувязь з намі выйшаў саксонец, і наш робат-пілот адхіліўся ўправа ад іх, прытрымліваючыся тых каардынатаў, якія нам даў Ганс. I ўжо неўзабаве мы завіслі над зусім невялікім астэроідам, усяго кіламетраў пятнаццаць у дыяметры. 3 вышыні ён меў форму глыбокай талеркі: па краях — горы, а ў сярэдзіне — зялёная пляма, на ўскрай якой мы і апусціліся.

Перад намі ляжаў трапічны пальмавы лес, ды такі высокі, што белыя з чырвонымі дахамі пабудовы між пальмаў выглядалі як казачныя домікі, у якіх жывуць гномы. Але каля гэтых казачных дамкоў мы пабачылі не гномаў а самых сапраўдных людзей-ліліпутаў у вельмі стракатым адзенні. Калі б яны мелі за спінамі крылы, дык іх можна было б прыняць і за казачных эльфаў. Наш карабель не прыцягваў іхняй увагі. Ён не быў для іх дзівам, і нас гэта, у адрозненне ад іх, здзіўляла. Можна было падумаць, што яны тут бачаць зоркалёты з іншых светаў штодня.

Ужо недзе з паўгадзіны мы ўзіраліся ў мясцовасць і вось пачулі радасныя крыкі: «Анто-он! Доктар Саві-іч! Сы-ымон!» Да карабля беглі Ганс Мюлер і Галя. Мы з палёгкаю ўздыхнулі. Робат-пілот не памыліўся, пасадзіў карабель там, куды і павінен быў пасадзіць. I пасля кароткіх слоў прывітання, пасля радасных абдымкаў калі мы спусціліся на паверхню, саксонец прапанаваў прайсці да абломкаў іх карабля, дзе яны размясцілі некалькі палатак. Па дарозе ён расказаў, што тут з імі знаходзяцца яшчэ і астрафізік — бельгіец Алекс, і бортмеханік, імя якога яны не ведаюць дагэтуль. Што, зразумела, нас усіх здзівіла.

— Як гэта такое можа быць? — адразу запытаўся доктар Савіч. — Ты пілот і не ведаеш імя свайго бортмеханіка?

— А гэта не мой бортмеханік, — адказаў Ганс. — Мой у шпіталі на Месяцы, паляк Ромусь. А гэтага мы падабралі там... на родненькім падарожніку. Ён папрасіўся на карабель, і мы не змаглі яму адмовіць. Тым больш што нам патрэбен быў бортмеханік.

I далей саксонец расказаў, што, як толькі яны пакінулі зямную атмасферу, Ромусь адразу захварэў на касмічную дэпрэсію, ды ў такой цяжкай форме, што за ім увесь час трэба было назіраць, што і рабіла Галя. Касмічная прастора гняла яго, выклікала трывогу і неспакой. У такім стане ён не мог ляцець у глыбокі космас, і яны зрабілі незапланаваную пасадку на Месяцы. Каб хвароба не перайшла ў хранічную форму, Ромусь пагадзіўся паказацца там дактарам у шпіталі хуткай дапамогі, дзе і застаўся. Ганс паабяцаў яму, што яны забяруць яго на зваротным шляху. Калі ўжо рыхтаваліся стартаваць, да іх і падышоў незнаёмец, які на касмічным слэнгу папрасіўся на карабель, маўляў, я — бортмеханік, вас не падвяду. Астатняга ведаць вам не трэба.

Мы ўжо падыходзілі да палатак і адразу пабачылі даволі высокага чалавека, які спрабаваў падняць кавалак жалеза. Падобна, што гэта была дэталь насавой часткі карабля.

— Гэ -эй, бортмеханік, — крыкнуў саксонец. — Што ты там робіш?

— Я так разумею, мы хутка стартуем адсюль, — адказаў той. — Не пакідаць жа гэтае жалеззе тут! Трэба перанесці яго ў горы. Ліліпутам цяжка будзе гэта зрабіць.

У яго была жахлівая мова — сумесь самых розных слоў: англійскіх, беларускіх, французскіх, рускіх... Але мы зразумелі бортмеханіка.

— Добра, нясі, — сказаў Мюлер і паглядзеў на нас. У гэты момант з палаткі выйшаў зусім яшчэ малады чалавек прыемнай знешнасці, і саксонец позіркам паказаў у яго бок. — Знаёмцеся, наш астрафізік... — і тут жа запытаўся. — Хто хоча дапамагчы бортмеханіку?

Я быў не супраць падняцца ў горы. Карцела хутчэй агледзець гэтую малюпасенькую маляўнічую планетку, таму і сказаў:

— Я дапамагу!

I мы пацягнулі з бортмеханікам той цяжкі кавалак жалеза пад гару. Пальмы ўжо скончыліся. Мы паднімаліся, дакладней, прадзіраліся праз густы зараснік незямных карлікавых дрэў. I тут раптам зусім блізка пачуўся крык. У голасе былі і жах, і боль.

— Чакай, — сказаў я бортмеханіку. Кінуў жалезіну і пачаў прабірацца праз гушчар у напрамку голасу. Хутка я пабачыў у густой траве ліліпутку. Яна ляжала ніцма і кідалася з боку ў бок, спрабуючы скінуць з плячэй звярка, ну, рыхтык зямную кошку.

— Р'ісь! Р'ісь! — крычала ліліпутка, а звярок упіўся зубамі ў яе шыю, і з раны сцякала кроў. Я спрабаваў ухапіць звярка, але ён зашыпеў і ашчэрыўся.

— Ко-оця, мой ты харошы коця, — раптам вырвалася ў мяне, чаго я і сам не чакаў, і тут жа паспрабаваў пагладзіць звярка. Гэта яму спадабалася. I вось нарэшце я змог узяць яго на рукі і ўжо збіраўся дапамагчы падняцца ліліпутцы, якая цяпер толькі тоненька ўсхліпвала і ўсё яшчэ спуджана паўтарала:

-Р'ісь! Р'ісь!

Але тут з зарасніку выскачыў бортмеханік, а праз некалькі хвілін з'явіліся і ліліпуты. Адзін з іх падышоў да мяне, нешта сказаў, чаго я, вядома ж, не зразумеў. А астатнія трое падхапілі ліліпутку на рукі і зніклі ў зарасніку. За імі кінуўся і той, што нешта сказаў мне.

— Звер мог яе загрызці, — адазваўся бортмеханік.

— Ды які ж гэта звер? Самая сапраўдная кошка!

— Яна дзікая. Адпускай яе.

А кошка ўжо і сама выслізнула з маіх рук, церанулася аб нагу і пабегла ў зараснік.

— Ну што, бортмеханік?— сказаў я. — Дзе тая жалезіна? Пойдзем цягнуць яе далей...

I дзесьці праз гадзіну мы спусціліся з гары назад да палатак, дзе нас ужо чакаў прыгатаваны абед. Але есці селі не адразу. Я расказаў пра здарэнне.

— Цяпер да нас абавязкова прыйдуць ліліпуты, каб неяк цябе аддзячыць, — сказаў саксонец.

— А чаму толькі яго? — не то абурана, не то з крыўдаю запытаўся бортмеханік.

— Хто ўратаваў ліліпутку, таму і падзяка, — адказаў Ганс. — Яны міралюбныя. Я за гэты даволі доўгі час, што тут мы прабылі, пачаў трошкі разумець іх мову.

— А я з некаторымі з іх нават пасябравала, — пасміхнулася Галя.

— Ну і што яны з сябе ўяўляюць? — пацікавіўся доктар Савіч.

— Усю сваю тэрыторыю, а гэта, лічыце, невялічкі горад, яны называюць сваім каралеўствам, — пачаў расказваць Ганс. — У іх ёсць кароль. Вельмі стары і нямоглы, да ўсяго, кепска бачыць. У яго сем дачок і дванаццаць сыноў. Ну, а што да астатніх жыхароў іх тут тысячы дзве, не болей. Нярэдка складваецца ўражанне, што яны перасяленцы з нейкай іншай планеты, якія калісьці таксама пацярпелі тут катастрофу.

— I як жа яны называюць сваё каралеўства? — запытаўся Антон.

— Не паверыце: Бычыны хвост. Такое дзіўнае супадзенне, — адазваўся бельгіец. — Самі яны, мяркую, не ведаюць, што гэты астэроід знаходзіцца ў сузор'і Цяльца.

— Дарэмна ты так мяркуеш, — запярэчыла Галя. — У іх ёсць зоркавыя карты.

У гэты момант пачуліся музычныя гукі, быццам хтосьці некалькі разоў стукнуў па клавішах фартэпіяна. Мы ўсе пабачылі двух ліліпутаў, якія падыходзілі да нас. I Галя перавяла гаворку на іншае.

— Не ведаю, ці ўмеюць яны спяваць, — яна запытальна паглядзела на саксонца. — А вось іграюць бліскуча і без інструментаў. Пэўна, у іх языкі такія музычныя?

— Учора я прайшоўся па адной з іхніх вуліц, — сказаў саксонец, — і, пакуль ішоў увесь час чуў гукі скрыпкі. У доміках расчыняліся вокны, з іх выглядвалі ліліпуты і адразу ж пачынала гучаць вельмі прыемная мелодыя.

Мы ўсе ўздрыгнулі, здалося, што нехта зусім блізка ўдарыў у літаўры. Пасля гэтага ліліпуты звярнуліся да нас з прамовай. Ганс адразу ж пачаў перакладаць.

— Ты, Сымон, — звярнуўся ён да мяне, — уратаваў ад дзікага звера прынцэсу, малодшую дачку караля. I за гэты геройскі ўчынак кароль хоча ўзнагародзіць цябе ордэнам. Заўтра ён гэта зробіць тут, у нас. Прыйдзе сюды са сваёй світай. Але кароль не любіць, калі яму нешта падказваюць. Таму, каб каралю самому адразу было бачна, каму ўручаць ордэн, табе спачатку прышпіляць ордэнскую стужку. I паколькі кароль кепска бачыць, стужка будзе каляровая, вельмі яркая.

Саксонец прамовіў апошнія словы і паглядзеў на ліліпутаў. Яны варухнулі губамі, і зноў пачуліся літаўры. Пасля гэтага ліліпуты развіталіся і пайшлі, а мы ўсе, не без хвалявання, пачалі чакаць наступнага дня, які пачаўся для нас з непрыемнага паведамлення. Прыйшоў адзін з ліліпутаў і сказаў, што ордэнскія стужкі, якія знаходзіліся ў кабінеце іх вайсковага міністра, гэтай ноччу некуды зніклі, але цырымонія ўзнагаро-джання не адмяняецца. Таму, як толькі з'явіцца кароль са світай, нам усім трэба будзе стаць у строй і, калі кароль падыдзе да нас, я павінен буду зрабіць некалькі крокаў наперад, каб атрымаць ордэн.

Усё так і адбылося. Праз некалькі гадзін мы пабачылі шэсце, якое накіроўвалася да нашых палатак. Мы глядзелі на ліліпутаў і адначасова чулі цэлы аркестр. Усё навокал грымела, пілікала, звінела, пакуль шэсце не наблізілася да нас. Мы ўсе ўжо стаялі роўным строем. Я на некалькі крокаў выйшаў наперад і пабачыў, што тое ж самае зрабіў бортмеханік. Але кароль упэўнена ішоў да мяне, не звяртаючы ніякай увагі на бортмеханіка. I тут я згледзеў, што на маіх грудзях на світэры трапеча матыль, крылы якога нагадваюць ордэнскую стужку, а кароль ужо з нейкімі словамі (і няцяжка было здагадацца, што гэта былі словы падзякі) працягнуў мне чаканку ў форме медаля. Я зірнуў на яе і ў мяне нават не знайшлося слоў каб нешта сказаць у адказ, настолькі я быў уражаны. Адно глядзеў і глядзеў на гэты свой ордэн. А кароль і яго світа тым часам пакідалі ўжо нас. Зноў зазвінелі, запілікалі, загрымелі гукі аркестра, а я ўсё ўзіраўся ў выяву на чаканцы.

— Пакажы, што ты там разглядваеш, — папрасіў доктар Савіч.

- Не паверыш, - сказаў я. - На гэтай чаканцы наш Кастусь Каліноўскі!

I ўсе пачалі разглядваць чаканку, перадаючы з рук у рукі. Толькі бортмеханік пайшоў у адну з палатак і ўжо ледзь не да самага старту амаль не выходзіў з яе.

— Зазлаваўся, што не яму далі ордэн, — зазначыла Галя. А да мяне падышоў Ганс Мюлер.

— У іх не толькі такія чаканкі ёсць, — сказаў ён. — Шмат іншых. Мне паказваў іх вайсковы міністр адразу пасля таго, як мы пацярпелі тут катастрофу. Запомнілася выява жанчыны, пад якой прачытаў надпіс: Еўфрасіння Полацкая. Хто яна?

— Вядомая асветніца, святая. 3 нашай глыбокай гісторыі, — адказаў я. — А Кастусь Каліноўскі — наш нацыянальны герой, які таксама застаўся ў нашай гісторыі. Але як гэтыя чаканкі тут апынуліся? Адкуль узяліся?!

На мае пытанні адказаў Антон:

— Пра гэта можна толькі здагадвацца. Думаю, яны з тых лятальных апаратаў, якія пасылаліся ў космас на самым пачатку, вельмі даўно. У іх часта ўкладваліся дыскі з запісамі пасланняў да чужых цывілізацый у іншыя светы і, канечне ж, чаканкі з выявамі нашых самых славутых людзей. Напэўна, адзін з тых апаратаў трапіў сюды, на гэты астэроід. I цяпер атрымалася ўсё як нейкае дзіва.

— Матыль таксама з серыі цудаў, — зазначыў доктар Савіч. — Не выпадкова ж ён сеў табе на грудзі якраз у той момант, калі з'явіўся кароль. Думаю, ён умее мысліць, ва ўсякім выпадку адрозніваць, хто герой, а хто толькі хоча выглядаць героем.

Той матыль так і застаўся на світэры ў мяне на грудзях. I я ўзяў яго з сабою на карабель, бо тым жа днём мы вырашылі пакінуць астэроід. I, калі ўжо ўзляталі, знізу, з паверхні да нас даносіліся гукі чароўнай музыкі — гэта ліліпуты развітваліся з намі, а ў адсеку, дзе размясцілася Галя, пачуўся крык. Я кінуўся да адсека, дзе ўжо быў доктар Савіч, і пабачыў у кутку раз'юшанага звярка, якога не мог не пазнаць. Адразу ж згадалася ліліпутка і той яе поўны жаху крык: «Р'ісь! Р'ісь!»

— Гэта, мае дарагія, рысь, — сказаў я, і ў мяне апошняе слова вымавілася больш цвёрда, чым у ліліпуткі. Але мне трэба было сказаць рысяня, там што за час нашага палёту назад на Зямлю, звярок вырас і стаў сапраўднай рыссю. Але перад тым, як мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі, у нас яшчэ была пасадка на Месяцы, дзе трэба было забраць паляка Ромуся.

I як толькі мы селі там на паверхню, Ганс адразу выклікаў месяцаход, і ўсе выйшлі з карабля. Вырашылі, што ў шпіталь хуткай дапамогі паедуць Ганс і бельгіец. I калі яны ад'ехалі, Антон пачаў разважаць, што мінаюць дзесяцігоддзі, а Месяц усё яшчэ як след не абсталяваны, каб стаць сапраўднай калоніяй Зямлі.

— Усе захапіліся глыбокім космасам, — уздыхнуў ён. I тут жа адазвалася Галя:

— Цішэй, Антон, — у яе голасе чуўся спалох. — Вунь, зірніце, ля таго валуна... Там ляжыць бортмеханік!

Мы сапраўды пабачылі ля валуна бортмеханіка, які на працягу ўсяго палёту амаль ні з кім з нас не кантактаваў.

— Можа, яму кепска? — сказаў я і асекся. На нашых вачах бортмеханік пачаў раздвойвацца. Адзін заставаўся нерухома ляжаць ля валуна, а другі, захоўваючы тую самую форму, павісеў імгненне над ім распасцёрты і стаў на ногі. I ў той жа момант ён пачаў выцягвацца, расці. I калі дасягнуў метраў чатырох, увесь страсянуўся і пайшоў, няўклюдны і цыбаты, у маўклівую прастору. Ён ніводнага разу не азірнуўся. Відаць, нічога акрамя абыякавасці ў адносінах да нас у яго не было.

— Вось цяпер бачу, што ён сапраўды незнаёмец і, здаецца, не зямнога паходжання, — сказаў доктар Савіч.

А я глядзеў, як аддаляецца гэтая чатырохметровая постаць, і мяне агортваў сум. Яму так хацелася, каб яго ўзнагародзілі! Я шкадаваў, што мы не сталі сябрамі, калі разам цягнулі тую цяжкую жалезіну пад гару на маленечкім астэроідзе ў сузор'і Цяльца.

Гэтыя сум і шкадаванне не пакідалі мяне і на Зямлі. Я радаваўся, што мы прывезлі з далёкага чужога свету матыля, якога назвалі стужкай ордэнскай. Цешыла мяне думка, што недзе ў нашых глухіх лясах блукае дзікая рысь, якую, як паказаў час, так і не ўдалося прыручыць. I, вядома ж, распіраў гонар, як толькі браў у рукі сваю каштоўную рэліквію, тую чаканку з выявай Кастуся Каліноўскага. А вось, калі згадваў самотную чатырохметровую постаць, што аддалялася ад нас, усё ішла і ішла — у бязлюдную маўклівасць Месяца, я пачынаў і сябе адчуваць самотным...

 

Танец пяшчоты на Геме-А

Гэта здарылася, калі мы вярталіся на Зямлю з Унука-9 — самай вялікай планеты ў сузор'і Змяі, якое зямляне могуць назіраць на летнім небе. Наш міжзоркавы карабель быў даволі старым і ў нейкі момант пачала адмаўляць сістэма сувязі з Зямлёю. Падарожжа было не з лёгкіх. Зямля ўвесь час выклікала на сувязь. А нашы сігналы не даляталі да яе.

— Трэба зрабіць вымушаную пасадку і капітальна ператрэсці нашу талерачку, — прапанаваў камандзір. Мы пагадзіліся і для пасадкі абралі Гему-А — планету ў невялікім сузор'і Паўночнай Кароны. Пра яе між астранаўтаў хадзілі самыя розныя чуткі. Многія даводзілі, што яна амаль як Зямля, што там можна сустрэць братоў па розуме. Думаю, што ў думках кожны з членаў нашага экіпажа спадзяваўся на гэта.

Гема-А зачароўвала. Чым бліжэй мы падляталі да яе, тым большым рабіўся наш сум па Зямлі.

Уражвала знешняе падабенства з нашай планетай. Але хутка мы зразумелі, што ў Гемы-А не тыя памеры. Яна ў некалькі разоў была меньшай за Зямлю, адно ззяла блакітным колерам. Мы селі на яе, іншымі словамі, прыземіліся, калі Свяціла, вакол якога яна абарочвалася, адплывала за далягляд.

Амаль зямныя прыцемкі ахутвалі Гему-А, але мы яшчэ добра бачылі густую расліннасць на яе паверхні і падобныя да зямных даліны і ўзгоркі. Былі там азёры і рэкі, а значыцца, і паветра. Не сталі чакаць ночы, вырашылі зрабіць агледзіны паверхні, узяць першыя пробы грунту. Камандзір паслаў астранаўтаў-разведчыкаў, сярод якіх быў і я. Ад карабля разышліся па розных напрамках. Я яшчэ не паспеў адысціся, як з грудзей вырваўся міжвольны крык здзіўлення. Ля невысокага дрэва, якое нагадвала маладзенькі зямны клён, стаяў чалавек — самы сапраўдны зямлянін. Ен быў юны, вельмі прывабнай знешнасці і ў святочным цёмна-сінім гарнітуры, да якога пасаваў ярка-жоўты гальштук. «Прывід», — мільганула думка, бо, калі прыземліваліся, на Геме-А не заўважылі ніякіх прыкмет жыцця. А чалавек, ці той, хто прыняў воблік чалавека, тым часам зрабіў некалькі крокаў насустрач мне, працягнуў руку, як гэта робіцца ў нас на Зямлі падчас знаёмства, і што ні ёсць самым сапраўдным чалавечым голасам прамовіў: «Фія».

— Сымон, — сказаў я і таксама працягнуў руку... Што заставалася рабіць? На ветлівасць трэба адказваць ветлівасцю. Ягоны поціск быў ледзь адчувальным, і зблізку я заўважыў што малады чалавек надзвычай устрывожаны. Ён увесь час азіраўся, але не на дрэвы, што раслі за намі, а глядзеў у неба, дзе ўжо загарэліся зоркі. Мы сустрэліся позіркамі, і тут нечакана Фія (я зразумеў што гэта было ягонае імя) сарваўся з месца і пабег... Толькі ж адбегся ён недалёка, прысеў на кукішкі, схапіўся за галаву, як гэта можа рабіць чалавек у вялікім адчаі, і амаль застагнаў: «Лка-а, Лка-а!»

Мне здалося, што ён спрабуе нешта прылашчыць рукамі. Але вось сунуў руку ў кішэню і тое, што ён выцягнуў з яе, пачало на вачах расці, павялічвацца ў памерах, пакуль не стала даволі доўгай трубачкай. Фія прыклаў яе да вуснаў. Было адчуванне, што праз яе ён штосьці п'е. А потым... Потым усё ў маёй галаве змяшалася, мяне агарнуў жах. Тое, што я пабачыў, не паддавалася ніякаму тлумачэнню. Фію ахапіў агонь, самы сапраўдны. Спачатку агністыя лініі пабеглі па ўсім яго целе, асвятліўшы ўсё наўкол, а потым ён успыхнуў... I ўсё! Усё! Быў чалавек і няма чалавека. Я не мог устаяць на месцы, пабег туды, дзе толькі што выкрыкваў сваё тужлівае «Лка-а, Лка-а!» Фія.

Грудок попелу і трубачку, звычайную шкляную трубачку пабачыў я там, ля якой расла купка кветак: блакітныя, цёмна-сінія... На пялёстках зіхацела буйная раса і о-о, дзіва! 3 грунту пачалі вырастаць новыя кветкі і хіліцца да тых, што тут ужо раслі. Перапляталіся сцябліны, пялёсткі дакраналіся да пялёсткаў і зліваліся ў адно, як падчас пацалунку. Калі б у мяне запыталіся ў той момант, што адбываецца, я, напэўна, адказаў бы:

— Танец пяшчоты! Любові! Кахання!

Я стаяў, утрапёны, але вось у скафандры пачуўся голас камандзіра: «Вяртайцеся! Як мага хутчэй вяртайцеся на "Лілею"». Гэтак прыгожа паміж сабою мы звалі сваю талерачку. А я ўжо і сам бачыў, што трэба вяртацца. Неба раптоўна запунсавелася, і з гэтай чырвані пачала вымалёўвацца аграмадзіна чужога карабля.

Калі мы, астранаўты-разведчыкі, ужо былі на сваёй «Лілеі», мы бачылі, як аграмадзіна, якая нагадвала трохпавярховую будыніну, прыземлівалася. Потым з яе пачалі выбягаць няўклюдныя істоты ў два, у тры чалавечыя росты.

— Робаты! — зазначыў нехта з нас і мы пачалі лічыць іх: тры, пяць, дзесяць, трыццаць два... Гэта быў самы сапраўдны ваяўнічы атрад, узброены невядомаю нам зброяй. Але на наш карабель яны не звярталі ніякай увагі. Мы іх не цікавілі. Яны адразу разбегліся па паверхні планеты, штосьці шукаючы. I калі праз нейкі час мы іх пабачылі зноў, дык яны ўсе сабраліся ля таго месца, дзе ператварыўся ў грудок попелу Фія. Магчыма, яны шукалі яго і, не знайшоўшы, пачалі таптаць, вытоптваць тыя пяшчотныя кветкі. Калі ім здалося, што яны ўсё наўкол вытапталі, рушылі да свайго карабля-аграмадзіны і неўзабаве ён ужо свяціўся ў цёмным небе над Гемай-А цьмяна-ружоваю кропачкай.

А калі з-за далягляду выкацілася ярка-жоўтае Свяціла і яго першыя промні асвяцілі планету, мы яшчэ раз спусціліся на яе паверхню. На тым месцы, дзе раз'юшана тапталіся робаты, нідзе аніводнай кветкі ўжо не было. I ўсё ж мы знайшлі некалькі непашкоджаных сцяблінак і выкапалі іх з карэннем, каб узяць з сабою на Зямлю, куды мы вярнуліся праз даволі доўгі час.

У кожнага з нас на Зямлі быў свой батанічны сад, і перад самым прызямленнем «Лілеі» на касмадроме за Раўбічамі галоўны наш батанік вырашыў, што тыя некалькі сцяблінак, якія прыжыліся на нашым караблі, павінны належаць мне. Ён, напэўна, згадаў маё кароткае знаёмства з Фіям. I я не адмовіўся. Мне хацелася як мага хутчэй упрыгожыць імі адну са сваіх клумбаў. Гэтак яно і здарылася.

Кветкі хутка разрасліся, зацвілі. Відаць, ім спадабалася зямная глеба. I аднойчы, калі я ўжо не лётаў у Космас, адзін з маіх унукаў запытаўся:

— Дзед Сымон, а як жа іх завуць? Ты забыўся ім даць імя! Ён быў маленькі і не ведаў, што імя гэтым кветкам я даў ужо даўно. Я згадваў і згадваў той танец сцяблін і пялёсткаў, танец незямной пяшчоты. I міжволі падчас гэтых маіх успамінаў злівалася ў адно: імя незнаёмца на далёкай Геме-А, якога можна было прыняць за зямляніна, з тым слоўкам, якое ен тужліва выгукваў: — Лка-а, Лка-а!

Магчыма, гэта было імя ягонай каханай, якая згарэла раней за яго ад пачуццяў, ад свайго незямнога кахання, і прарасла кветкаю, якую я назваў на Зямлі ФіяЛкай.

Фіялка дагэтуль расце і цвіце ў маім садзе, а магчыма, і ў вашым. Я не шкадаваў насення, раздаваў яго знаёмым і сябрам. А вось гэтую гісторыю, адну з самых загадкавых для мяне самога, расказваю ўпершыню. Калі хто-небудзь засумняваўся ў яе праўдзівасці, што ж, ляціце на Гему-А ў сузор'е Паўночнай Кароны. I, можа, там вам пашчасціць пазнаёміцца з незнаёмцам, які на вашых вачах згарыць ад кахання. Мяркую, што ад яго. Ад іншага не згараюць. Хаця, не выключана, гэта толькі мая ўласная думка.

 

Цалкам верагодна, што чорныя дзіркі - праваднікі ў паралельныя сусветы. I, магчыма, дзякуючы ім, удасца даследаваць і пранікнуць у зямны паралельны свет.

 

3 нататніка астранаўта.

Сёння, перад тым як адправіцца на касмадром за Раўбічы, я доўга стаяў каля зоркавай карты, што займала ледзь не ўсю сцяну ў адным з пакояў маёй мінскай кватэры. Карта была электронная, і зоркавыя сістэмы высвечваліся на ёй ва ўсім сваім непаўторным харастве. Я ўжо дыхаў гэтай мігатліва-зіхоткай велічнай прасторай, дзе мяне асабліва цікавіла зорка Вега, куды пралягаў наш чарговы маршрут. I хто ведае, магчыма, па вяртанні мне давядзецца ў сістэме гэтай зоркі пазначыць планеты, якія мы спадзяваліся там адкрыць. Гэтая сістэма была яшчэ мала даследавана зямлянамі. Але якраз туды з Зямлі ўжо адправілася некалькі экспедыцый.

Я глядзеў на Вегу, і згадвалася, што калісьці ў глыбокай старажытнасці арабы называлі яе «вакі», што азначала: зорка, якая падае. Але Вега, зразумела, нікуды не падала. I калі б цяпер была не вясна, а восень, я змог бы пабачыць яе на начным небе.

За маімі вокнамі сапраўды ўжо была ноч, і мы меркавалі стартаваць а шостай гадзіне раніцы. «Хм-м, хай сабе марудна, але свет мяняецца, — думалася мне. — Нашы далёкія продкі лічылі, што да Вегі можна даляцець за дваццаць шэсць светлавых гадоў. Мы ж цяпер даляцім туды за тры зямныя тыдні. Застаецца толькі паапладзіраваць чалавечаму розуму. Бра-ава! Бра-ава, зямляне!»

Невядома, як бы доўга я яшчэ прастаяў ля карты, калі б не патэлефанаваў доктар Савіч.

— Ты яшчэ дома? — здзівіўся ён. — А сасонкі?! Табе трэба прасачыць за пагрузкай, каб не пашкодзілася карэнне, калі лабаранты будуць апускаць іх у герметычную камеру.

I я заспяшаўся... Як жа я мог забыцца пра гэтыя дваццаць маладзенькіх сасонак, якія нас папрасілі ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў даставіць на адну з планет. Тут трэба сказаць, што за гэтай планетай ужо некалькі дзесяцігоддзяў вяліся назіранні з Зямлі. Яе адкрылі вельмі даўно. I неаднойчы туды пасылаліся экспедыцыі. Але нічым асаблівым планета не прыцягвала ўвагі зямлян. Там было паветра і некалькі магутных рэчак, але, як нам сказалі ў Асацыяцыі, у планеты была паверхня бы выпаленая. Ніякага расліннага свету! Хоць жыццё нейкіх простых жывых арганізмаў на ёй было і не выключана.

— А ты не задумаўся, — сказаў мне тады доктар Савіч, — чаму так доўга назіраюць за гэтай планетай?

— Магчыма, мяркуюць заснаваць там нейкі доследны Цэнтр, — адказаў я. — Такія Цэнтры ўжо існуюць на асобных планетах.

— Не думаю, — і доктар Савіч прыцішыў голас. Ён заўжды так рабіў, калі ў нечым быў няўпэўнены. — Я чуў ад астрафізікаў, — працягваў доктар далей, — што гэтая планета знаходзіцца паблізу валакністай туманнасці.

Пасля гэтых слоў доктар Савіч пачаў надта доўгі расповед пра існаванне мноства тысяч туманнасцей, якія з'яўляюцца вынікам даўніх катастроф у касмічнай прасторы. Потым ён расказваў пра зоркі трайной сістэмы, што складаюцца са звычайнай зоркі, з пульсара і з чорнай дзіркі. А я слухаў яго і думаў пра выключна зямное: «Навошта мы павязём свае беларускія сасонкі на тую планету?»

Якраз пра гэта я і запытаўся ў доктара Савіча, калі пабачыў яго на касмадроме за Раўбічамі ля нашага карабля.

— Навошта вязём? — перапытаў ён. — А ты, дарэчы, спазніўся. Сасонкі паспелі пагрузіць. Ну, а што да адказу на тваё пытанне, ён вельмі просты. Ты ж вырас сярод сасновых бароў. Ведаеш, якое там чыстае паветра! А на той планеце, дзе мы зробім пасадку на шляху да Вегі, апошнім часам бачылі дзіўныя віхурыстыя плямы, якія з'яўляюцца ў самых розных месцах планеты і вельмі хутка развейваюцца. Мяркуюць, што гэта пясчаныя ўраганы. Уяўляеш, колькі там пылу! Нашы сасонкі стануць прыроднымі ачышчальнікамі паветра.

Пасля гэтых доктаравых слоў у нас пачалася пасадка. Я прывітаўся з Антонам — камандзірам нашага карабля, які ў гэты момант размаўляў з нашым астрафізікам.

— Пачакай, — сказаў мне Антон. — Ты ж ведаеш, у нас будзе вельмі кароткая пасадка на планеце, дзе мы пасадзім сасонкі, якія толькі што загрузілі ў камеры. Дык май на ўвазе, ты спусцішся на паверхню планеты са сваімі двума лабарантамі. Усе астатнія будуць займацца доследамі на караблі.

— Ага-а, — пасміхнуўся астрафізік. — Будзем даследаваць саміх сябе. Доктар Савіч зоймецца вывучэннем нашых крывяных ціскаў. Там паветра не зусім ідэнтычнае з нашым.

— Сасонкі высадзіце па ўсіх законах лесапасадкі, — дадаў Антон.

— Не хвалюйся, усё зробім як трэба, — і я падняўся на карабель.

Да старту заставаліся лічаныя хвіліны. Я не любіў гэтага моманту развітання з Зямлёю, таму што заўжды з'яўлялася міжвольнае пытанне: «А ці вернемся назад на Зямлю?». Таму, як толькі зайшоў у свой адсек, адразу падключыўся да сістэм, якія дапамагалі пагрузіцца ў глыбокі і працяглы сон. Гэта дазваляла захоўваць у арганізме ўсе віды энергіі. I як толькі я падключыўся, на табло над маім адсекам адразу з'явіўся надпіс: «Сон — 240 зямных гадзін». Менавіта столькі часу павінна было прайсці, каб мы дасягнулі атмасферы той планеты, на якую павінны былі апусціцца. Праўда, я яшчэ паспеў завесці будзільнік, так мы называлі кантралёр сну, які павінен быў пабудзіць мяне ў вызначаны час. Пасля чаго я ўвайшоў у стан глыбокай адключкі.

Помню, мне тады сніліся лясы... Бясконцыя беларускія лясы з густымі зараснікамі папараці, багуну ў балоцістых мясцінах, якія змяняліся палянкамі, дзе рос чарнічнік. Такой колькасці ягад мне яшчэ нідзе ніколі не даводзілася бачыць. Выглядвалі з-пад апалага сапрэлага лісця вясёлыя жоўценькія лісічкі, прыцягвалі зрок самавітыя чырвонагаловыя падасінавікі. А я ішоў і ішоў ляснымі сцяжынамі ды дарогамі ўсе 240 зямных гадзін. А потым знянацку, раптоўна ўсё наўкол пацямнела. Пачуўся шум, свіст ветру, ад чаго, уласна кажучы, я і прачнуўся, не пачуўшы сігналу будзільніка. I адразу зразумеў, што шум ідзе ад вентылятараў. У адсек пачало паступаць паветра з чужой атмасферы, гэта каб паступова прывыкаць да яго. I хаця яно было ўжо разрэджаным нашымі вентыляцыйнымі сістэмамі, дыхалася цяжка. Тут і пачуўся стук у дзверы.

— Можаце заходзіць, — адгукнуўся я.

Дзверы адчыніліся, і ў адсек увайшоў доктар Савіч. Увесь яго выгляд паказваў, што ён ужо даўно сцёр з сябе рэшты сну. Голас у яго таксама быў бадзёры.

— Экран назірання ты, вядома ж, не ўключыў, — сказаў ён. — А мы паўгадзіны ўжо вісім, хм-м, над шарыкам, куды неўзабаве сядзем. Гэтую планету можна назваць Планетай Сапфіраў.

— Чаму ты так вырашыў?

— На паверхні ёсць ланцужкі гор, а ў асноўным — гэта камяніста-пясчаная раўніна, на якой мігцяць блакітныя кропачкі.

Яны паўсюль і іх вельмі шмат. Мяркую, сапфіры! Нічога іншага там не можа быць. Сустракаюцца кропачкі і зялёныя. Гэта, напэўна, ніфрыты.

— Што? Проста так і ляжаць на паверхні гэтыя каштоўныя камяні?

— Ага-а, проста так і ляжаць, — пасміхнуўся доктар Савіч. — Як у глыбокай старажытнасці на Зямлі ў Афрыцы ляжалі алмазы.

Карабель страсянуўся. Здавалася, што ўсё ў ім завібрыравала.

— Вось мы і зніжаемся, — сказаў я. — Прайшлі атмасферу. Хутка апусцімся на паверхню, — і да мяне падступілася ўжо адчуванне самоты. Я заўжды на далёкіх планетах адчуваў сябе вельмі самотным. У нейкай меры ратаваў ад гэтага пачуцця доктар Савіч, але цяпер я мусіў сказаць: — Шкада, што давядзецца сысці на паверхню без цябе, доктар. Гэтым разам са мною будуць два лабаранты.

— Тут ужо нічога не зробіш, у мяне загад заставацца на караблі. Але ты, спадзяюся, назбіраеш для мяне сапфіраў?

— Калі мы іх там знойдзем, — адказаў я. — Штосьці я не чуў у Асацыяцыі, каб з гэтай планеты на Зямлю прывозілі каштоўныя каменьчыкі...

I я не памыліўся ў сваіх сумненнях, таму што праз нейкі час, як толькі ступіў на паверхню планеты, куды ўжо праз грузавыя люкі былі спушчаны сасонкі, акрамя пяску і шэрых камянёў самых розных памераў нічога іншага наўкол сябе не пабачыў. Лабаранты ўжо адносілі сасонкі як мага далей ад карабля, і, наколькі мне дазваляў скафандр, я бачыў напружанне на іх тварах. Яны таксама былі ў скафандрах. Гэта было іх першае касмічнае падарожжа, і чужая планета трывожыла лабарантаў.

— Набірайцеся ўражанняў, хлопцы, — перадаў я ім праз радыёсувязь. — Распавольвайцеся. Тут ні звера, ні гуманоіда не пабачыце. Планета мёртвая. Можа, толькі праз гадоў восемдзесят зашумяць тут нашы сасонкі. Кідайце іх вунь ля таго вялізнага валуна. Ад яго і пачнём капаць ямкі пад пасадку.

I тут я заўважыў, як ля невялікага каменя недалёка ад мяне штосьці заварушылася, нейкая блакітная рысачка мільганула.

Рушыў туды, нахіліўся над каменем і пабачыў страказу з блакітным брушкам. Самую звычайную страказу! Майму здзіўленню не было межаў. А яна тут адкуль?! I я міжволі азірнуўся...

Лабаранты стаялі недалёка ад мяне, і над імі кружыў цэлы рой гэткіх жа самых стракоз. Праўда, у некаторых з іх брушкі былі зялёныя. Стракозы кідаліся на скафандры, і лабаранты адмахваліся ад іх рукамі. Я зноў павярнуўся да каменя і сустрэўся позіркам са страказой, якая бы прыліпла да яго і не рухалася. Мне здалося, што яе лупатыя вочкі працінаюць мяне. Але вось страказа варухнулася. Яе лёгкія празрыстыя крылцы затрапяталі, і я закрычаў ад нечаканасці. Яна адарвалася ад каменя. Але гэта была ўжо не страказа, а агромністая цёмна-сіняя птушка з ярка-чырвонаю дзюбаю і кіпцюрамі на тоўстых лапах, якімі птушка намервалася ўваткнуцца ў мой скафандр. Я чуў, як нада мною зашумелі яе крылы, даўжыню якіх можна было мераць метрам. О не, гэта была не птушка! Гэта была самая сапраўдная жудасная пачвара. Толькі так яе і можна было назваць. Яна гатова была схапіць мяне, як нешта вельмі маленькае, і панесці ў сваіх кіпцюрах над бяскрайняй раўнінай, што бачылася наўкол, у невядомым напрамку, адкуль ужо не вяртаюцца.

Я міжволі ўцягнуў голаву ў плечы, і здавалася, мой скафандр узарвецца ад жаху, які перапаўняў мяне. Птушка імкліва ўзлятала ў вышыню і яшчэ з болынай імклівасцю кідалася ўніз, і я не мог утрымацца, каб не прысесці: «Ну, вось зараз... Зараз яна ўхопіць мяне!» Але птушка толькі кружыла нада мною, я адчуваў — у лютым бяссіллі. Я быў для яе недаступны, быццам нейкая сіла ахоўвала мяне, нейкае чароўнае кола. Яна яшчэ раз паднялася ўверх і паляцела туды, дзе стаялі мае лабаранты. I вось ужо я пабачыў як адзін з іх кінуўся бегчы ў бок карабля. Ен бег, азіраўся і дзіка крычаў. Я таксама пачаў азірацца, таму што, як ні дзіўна, нідзе не бачыў гэтай пачвары. Яна бы растала ў паветры. Толькі перапуджаныя стракозы кружылі наўкол, і ў маім скафандры пачуўся голас камандзіра:

— Што адбылося?! Што вас там гэтак напалохала?! Вяртайцеся на карабель!

А лабарант тым часам ужо дабег да яго і кінуўся да спушчанага трапу. Другі ж няспешна ішоў да мяне. Я зірнуў уверх і ўвесь скалануўся. Я зноў пабачыў над сабою гэтую пачвару. Ва ўсе бакі разляталіся стракозы, а яна ляцела проста на мяне, і яе раскрытая дзюба нагадвала пашчу. I тады я пабег, прыкідваю-ы ў думках, што да карабля яшчэ далёка, але галоўнае, каб не спатыкнуцца, не ўпасці.

Я чуў, як ззаду за маёю спінаю шумяць магутныя крылы і тупацяць ногі. Гэта, напэўна, і другі лабарант кінуўся наўцёкі, але я не азіраўся. У такой сітуацыі трэба толькі бегчы. Сябры-астранаўты штосьці крычалі з карабля, махалі рукамі. У маім скафандры чулася зусім незразумелае:

— Спыніся! Не бяжы!

А я бачыў толькі выратавальны трап, які ўсё набліжаўся і набліжаўся, пакуль, нарэшце, я не ўзбег на яго сходы.

«Хутчэй! Хутчэй да расчыненых дзвярэй!» — тахкала маё сэрца, адкуль ужо цягнуліся рукі, каб уцягнуць мяне на карабель, і тут я азірнуўся... Жудасная птушка вісела проста нада мною. Яе кіпцюры дакраналіся да майго скафандра, і я пахіснуўся, не знайшоўшы нічога лепшага, як ухапіцца за агромністую лапу пачвары. I о-о, дзіва! Я не адчуў гэтай лапы, але штосьці схапіў і яно заварушылася ў маіх сціснутых пальцах.

Не ведаю, як і ўтрымаўся я на трапе, як не зваліўся ўніз! Пэўна, мяне падтрымаў лабарант, які ўжо таксама падняўся на трап. I праз некалькі хвілін мы не ўвайшлі, а хутчэй, уваліліся ў дзверы карабля, дзе мяне адразу ж падхапіў Антон. Інакш я, напэўна, упаў бы. Тут я і расціснуў кулак і на далоні пабачыў страказу з блакітным брушкам. Крылы ў яе былі прымятыя. I ўсё ж яна затрапятала імі, адарвалася ад маёй далоні і паляцела ў глыб карабля...

— Мы ўжо ўсё ведаем, — сказаў Антон. — Доктар Савіч выводзіць твайго лабаранта са стрэсу, які першым прыбег сюды. Хм-м, ведаеш, з'ява проста-такі выключная. Незвычайная з'ява.

— Што ты маеш на ўвазе? Якая з'ява?! Вы ўсё бачылі. Мы перажылі кашмар.

— Не кашмар, а гіпноз, — Антон на імгненне задумаўся, быццам у тым, што сказаў, сумняваўся, і дадаў упэўнена. — Фа-акт! Самы сапраўдны гіпноз, які выклікае галюцынацыі. Твой лабарант паспеў нам пра ўсё расказаць, і мы прыйшлі да такой высновы.

— Доктар Савіч даў такое тлумачэнне гэтай з'яве, — удакладніў наш бортмеханік. — Лабарант расказаў, што на яго накінулася драпежная птушка. Трэба думаць, што і на цябе таксама, а мы ж з карабля ніякай птушкі не бачылі.

— Ён праўду кажа, — пацвердзіў Антон. — Над вамі проста кружылі стракозы, дакладней, над тваімі лабарантамі. А над табою кружыла адна, самая вялікая з іх, з блакітным брушкам. Гэта мы добра бачылі на экране назірання.

— Вось табе і Планета Сапфіраў, — толькі і змог вымавіць я. Але ў мяне з'явілася шмат самых розных думак. Разабрацца ў іх дапамог мне доктар Савіч, калі ўжо на паверхню планеты апусцілася нязвыклае для нас, зямлян, бэзавае сутонне. I ў нізкім цяжкім небе загарэліся надзвычай буйныя бліскучыя зоркі. Адна з іх ззяла ліловым святлом і незвычайна заварожвала.

Мы стаялі ля ілюмінатара, і я даводзіў доктару:

— У нашым уяўленні гіпнозам валодаюць асобныя людзі там, у нас на Зямлі. Ну-у, яшчэ асобныя паўзуны, той жа самы ўдаў. А тут страказа, маленечкая істота! I чаму толькі ў адной з іх такая ўласцівасць?!

— Своеасаблівы дар тутэйшай скупой прыроды, — пасміхнуўся доктар. — А, мажліва... Мажліва яна выпрацавала гэтую асаблівасць у сабе. Можа, яна страказа-дазорац, вартаўнік, ахоўнік гэтай планеты, яе ўладар. I як ёй, такой маленькай, бараніць усю планету?

— Ад каго?

— Ды хаця б і ад нас!

— Атрымліваецца, што такім чынам яна наганяла жах, — з доктарам нельга было не пагадзіцца, і я працягнуў. — Ты маеш рацыю, мы для яе — чужынцы, прышэльцы з іншага свету. I хаця нічога кепскага ёй не зрабілі, яна як магла бараніла свой спакой.

— О-о, не толькі спакой! Яна ўсё тут бараніла. Гэта ж яе тэрыторыя. Планета — яе дом, — сказаў доктар. — Мне цікава паглядзець на астатніх стракоз. Заўтра спушчуся разам з табою на паверхню. Трэба ж будзе пасадзіць тыя сасонкі! Тады як след і разгледжу гэтыя мілыя стварэнні.

Доктар Савіч яшчэ не ведаў, як, зразумела, і я сам, што нам не давядзецца саджаць тыя сасонкі. I што разглядваць ён будзе не раі стракоз на паверхні планеты, а тую адну, з блакітным брушкам, што выпырхнула з маёй далоні, ды так і засталася на нашым караблі.

Мы ўжо збіраліся адысці ад ілюмінатара і разысціся па сваіх адсеках, як раптам доктар Савіч сказаў:

- Сымон, табе не здаецца, што на нас нешта насоўваецца? Далягляд пацямнеў. Такое ўражанне, што там усчалася віхура.

А я ўжо і сам бачьгў што на даляглядзе штосьці віхурыцца, звіваецца ў клубкі, у агромністыя плямы, у слупы і імкліва набліжаецца да нас. Немагчыма было адвесці позірку ад ілюмінатара, такое гэта было відовішча. I я ўспомніў пра тое, што мне сказаў доктар перад адлётам на нашым касмадроме за Раўбічамі. I цяпер нагадаў яму:

— Гэта, напэўна, і ёсць той самы пясчаны ўраган, пра што ты сам казаў мне, чаму мы і прывезлі сюды сасонкі. Але ж дзіва-дзіўнае, наўкол ніякага ветру! Уяўляеш, як бы ўжо ўсё гуло і шумела ў нас на Зямлі! А тут хоць бы адна пясчынка вакол карабля зварухнулася.

- Пойдзем да Антона. Мы не ведаем сапраўднай сілы гэтага ўрагану, - сказаў доктар Савіч. Але пайсці нам не давялося. Антон сам падышоў да нас. 3 ім быў астрафізік. На караблі ўмомант усё прыйшло ў рух. Адзін за адным успыхвалі пражэктары далёкага бачання. Мы міжволі затаілі дыханне. На нас сапраўды рухаўся пясчаны ўраган — суцэльная сцяна з пяску, пылу, друзу. Але, як толькі святло пражэктараў дасягнула гэтай сцяны, ураган пачаў аціхаць. Клубы пяску сталі асядаць. I тады ў святле пражэктараў мы пабачылі натоўп, і наш астрафізік не ўтрымаўся:

- Людзі! Там людзі! — ускрыкнуў ён.

- Не, гэта не людзі, — тут жа запярэчыў яму Антон.

- Хаця вельмі падобныя да людзей, - сказаў доктар Савіч.

I гэта было праўдай. Напаўголыя істоты, якія застылі ў святле пражэктараў, ад людзей адрозніваліся толькі конусападобнымі галовамі на тонкіх шыях. I на іх тварах замест носа былі самыя сапраўдныя хобаты. Не такія доўгія, як у сланоў, але і не кароткія. Хобаты варушыліся, быццам прынюхваліся да нечага. А потым пачалі раздзімацца і наўкол імкліва завіхурыўся пясок. Істоты зноў рушылі наперад, да нашага карабля.

— Божа, дык гэта яны сваімі хобатамі ўзнімаюць клубы пяску! — выдыхнуў я. — Якая ж магутная сіла тоіцца ў іх, якая энергія!

I тут мы пачулі ўдары. Штосьці загрукацела па корпусу карабля.

— Думаю, гэта ляціць каменне, — і ў голасе Антона чулася няўпэўненасць.

Але ён не памыляўся. Пясок хутка асеў, і мы пабачылі, як істоты ўцягваюць сваімі хобатамі камяні, якіх на паверхні было мноства, а потым бы выплёўваюць іх. I хаця яны стоўпіліся на даволі вялікай адлегласці ад нас, камяні даляталі да карабля.

— Глядзіце, глядзіце, — закрычаў доктар Савіч. — У кожнага з іх кляймо на плячы. Яны клеймаваныя!

— Племя гуманоідаў, — сказаў Антон. — Вось яны сапраўдныя жыхары гэтай планеты. А мы думалі, што яе насяляюць толькі стракозы.

— А ведаеце, чаму гуманоіды ўзнімаюць вакол сябе віхуры пяску? — раптам запытаўся доктар Савіч. — Я здагадваюся, яны гэтак бароняцца ад стракоз, ад іх гіпнозу. Мы сутыкнуліся з гэтай з'явай і вырашылі, што тут ёсць толькі адна страказа — Дазорац-Уладар, як мы яе назвалі, якой уласцівы гіпноз. Але такіх стракоз тут, напэўна, значна больш.

— 3 тваіх слоў вынікае, — заўважыў я, — што гэтыя істоты разумныя. Каб не падвяргаць сябе стрэсам, не змагацца з уяўнаю драпежнаю птушкаю, яны ўзнімаюць вакол сябе пясок і робяцца недасягальнымі для стракоз. Стракозы ў такой віхуры могуць загінуць. Ім застаецца адно: хавацца пад нейкія вялікія камяні.

— Чуеце, як стала ціха, — заўважыў Антон. I мы зноў пачалі ўзірацца ў ілюмінатар.

Ужо не віхурыўся пясок, наўкол ляжала маўклівая раўніна. Мы бачылі, што істоты адступаюць, хаваюцца ў цемры, куды не далятала святло нашых пражэктараў. Над усім уладарыла цёмна-бэзавая ноч, і паблісквалі яркія зоркі ў цяжкім небе. Але мы не спяшаліся ў свае адсекі. Пайшлі ў хол, дзе цяпер сабраўся ледзь не ўвесь экіпаж нашага карабля. Уражаныя, маладыя лабаранты сустрэлі нас позіркамі, у якіх было шмат пытанняў. I Антон амаль весела прамовіў:

- Ну што, хлопцы, пабачылі, якімі могуць быць гуманоіды?!

- Але ж тут, на гэтай планеце, нідзе ніякага жытла няма, — сказаў адзін з лабарантаў. - Мы ж, калі віселі над ёю, усё тут вывучылі. Толькі некалькі ланцужкоў гор...

- Вось адтуль яны і прыйшлі, - адгукнуўся астрафізік. - Там яны і жывуць. Можа, у нейкіх падземных паселішчах.

I бортмеханік, які таксама быў у холе, з ім не пагадзіўся.

- Прыйшлі яны, напэўна, адтуль, - сказаў ён. - Але гэта не іх планета. Яны тут нядаўна і, мяркую, гэта - злачынцы. Яны ж усе клеймаваныя! Іх прывезлі сюды... Я паспеў шмат дзе пабыць у космасе і даводзілася сустракаць такія планеты-ізалятары, куды скідвалі злачынцаў.

- А што? — позірк у доктара Савіча ажывіўся. — У словах бортмеханіка штосьці ёсць! Але я думаю трошкі ў іншым накірунку. Дапускаю, што гэтая планета — ізалятар, але чаму абавязкова для злачынцаў? Гэтыя істоты могуць быць няўдалым эксперыментам нейкага надзвычай развітага розуму. Штосьці накшталт гамункулусаў.

- Гамункулусы? - перапытаў Антон. - Упершыню чую.

Хто яны?

I доктар Савіч патлумачыў:

- Чалавечыя істоты, якіх на Зямлі ў глыбокай старажытнасці, у так званае Сярэднявечча, алхімікі марылі стварыць штучна ў лабараторных умовах. Тады ім гэтага зрабіць не ўдалося. I вось цяпер тут, у гэтай частцы Сусвету, на нейкай невядомай нам планеце гамункулусаў маглі стварыць, але... вопыт атрымаўся няўдалым.

- Хм-м, доктар Савіч у нас фантазёр, - пасміхнуўся бортмеханік. - Мы, вядома, гэтыя істоты можам назваць гамункулуса­мі. Але калі іх прыняць за няўдалы эксперымент, дык на нейкай той планеце павінны жыць нашы браты, калі не па розуме, дык па знешнім падабенстве. 3 самымі звычайнымі насамі. Ну, а тыя хобаты, якія мы бачылі, — памылка эксперымента. Ты гэта меў на ўвазе?

— Чаму б і не? Чаму б і не? — некалькі разоў не сказаў, а прамармытаў доктар Савіч, і мы ўсе бачылі, што ён збянтэжыўся. I адразу ж пачаў развітвацца. Я таксама неўзабаве пайшоў у свой адсек і чамусьці мне хацелася называць гэтыя істоты з хобатамі гамункулусамі. Хай лепш яны будуць няўдалым эксперыментам, чым злачынцамі, для якіх прырода невядомага нам свету пашкадавала нават прыстойных твараў. Я цалкам пагаджаўся з меркаваннямі доктара Савіча. Безумоўна, пра кантакт з імі не думалася, але паназіраць за гэтымі істотамі яшчэ раз я быў бы не супраць. Таму пасля кароткага сну, назаўтра, як толькі пабачыў Антона, заспяшаўся спытаць у яго:

— Ну, як там нашы гамункулусы?! Яны яшчэ не набліжаліся да карабля?

— Набліжаліся, — адказаў Антон. — I нават пасадзілі нашы сасонкі. Паглядзі ў ілюмінатар, ты ж не падумаеш, што гэта зрабілі стракозы?!

I калі я падышоў да ілюмінатара, сапраўды пабачыў пасаджаныя сасонкі, над якімі ўсё кружылі і кружылі чародкі стракоз. У мяне міжволі зашчымела сэрца — перад вачамі быў амаль беларускі краявід, але ў той жа момант падумалася пра істоты, якія я ўжо ніяк не мог назваць інакш, як гамункулусы. Безумоўна ж, іх прывезлі сюды з планеты, дзе растуць дрэвы. Магчыма, нават сасонкі, такія ж самыя, як у нас на Зямлі. Інакш, ці сталі б яны саджаць іх?! Вось толькі шкада, ім не дадзена дазнацца, што тыя сасонкі, якія яны пасадзілі, з Беларусі.

Мы больш не сталі спускацца на паверхню — мэтай жа гэтага нашага падарожжа была Вега. Але ляцець туды нам не давялося.

3 Асацыяцыі мы атрымалі паведамленне, што вярнулася адна з экспедыцый, якая паляцела да Вегі значна раней за нас. Аказалася, што сузор'е Ліры, дзе Вега з'яўляецца галоўнай зоркай, блакіравана чорнымі дзіркамі. I хаця на Зямлі ўжо даўно існуе меркаванне, што чорная дзірка — нішто іншае, як праход з аднаго сусвету ў другі, мы не сталі рызыкаваць... Далейшы наш палёт быў небяспечным. Праўда, само гэта паведамленне пра чорныя дзіркі выклікала шмат самых розных размоў на нашым караблі.

Бортмеханік пачаў расказваць, што падчас аднаго са сваіх падарожжаў у чужой галактыцы яму даводзілася бачыць на экране знешняга назірання, як з чорнай дзіркі вылятаў зоркалёт. Пасля чаго доктар Савіч сказаў:

— Асабіста я веру ў існаванне паралельных сусветаў... Што, калі чорныя дзіркі — шлях да іх? Вы толькі ўявіце, мы трапляем у паралельны сусвет і ўжо адтуль пачынаем вывучаць Зямлю, але з паралельным светам на ёй.

I пасля гэтых яго слоў наш бортмеханік, як і там, на планеце Пясчаных Ураганаў, назваў доктара фантазёрам. I доктар зноў збянтэжыўся. Можа нават пакрыўдзіўся, таму што нейкі час нікога не ўпускаў да сябе. А калі аднойчы сам запрасіў мяне ў свой адсек, я пабачыў на ілюмінатары страказу з блакітным брушкам. Было такое ўражанне, што яна хоча штосьці разгледзець у глыбінях сусвету. Магчыма, ёй мроілася яе планета?

А доктар Савіч сказаў будзённа:

— Ты пашкодзіў тады ёй адно крылца, але лётае яна добра. Думаю, што ёй спадабаюцца нашы беларускія краявіды. — Док-тар паглядзеў на страказу і дадаў: — Дарэчы, яна страціла тую сваю якасць. Здараецца, што я доўга гляджу ў яе лупатыя вочкі і, ты ведаеш, ніякага гіпнозу не адчуваю. Суму, праўда, там многа бачыцца, такога незямнога су-у-му!

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Дазорац-Уладар і на самой справе ўпадабаў нашы краявіды. Але яго не цікавяць лугі і лясныя палянкі. Ён любіць лётаць над рэчкамі ды азёрамі і, можа, толькі таму, што ў іх адбіваюцца аблокі, за якімі, ну, вядома ж, — глыбіні сусвету. I там, у гэтых глыбінях, сярод мноства самых розных планет знаходзіцца і яго планета, якую, дарэчы, ён ужо мог бы і не пазнаць... Там жа, напэўна, ужо шумяць прыгожыя тонкія сосны — адна ў адну, якімі любуюцца, хм-м... гамункулусы.

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2024-07-06; просмотров: 47; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 216.73.216.196 (0.019 с.)