Касач — кветка чароўных музыкаў 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Касач — кветка чароўных музыкаў

Р.Баравікова

Казкі астранаўта

 

Змеегалоўнік Руйша

Я вельмі баяўся, што аднойчы наступіць момант, калі адно з усіх маіх касмічных падарожжаў стане апошнім. Зразумела, гэтага моманту не ўдалося пазбегнуць. I вось я, поўны смутку, вяртаюся ў чарговы раз на Зямлю і ведаю, што ўжо ніколі яе не пакіну.

Гэта ведаюць і ўсе астатнія члены нашага экіпажа: я саступлю месца маладому і болыш дужаму беларусу. Камандзір, як ніхто іншы, да мяне асабліва ўважлівы. Па ягоным твары блукае нейкая загадкавасць. I вось ён мне кажа:

— Я, напэўна, упершыню парушу вызначаны на Зямлі маршрут. Ведаю, што табе аднойчы вельмі хацелася трапіць на тую маленечкую планету, што знаходзіцца на самым краі нашай Галактыкі, амаль ужо ў другой... Мы заляцім туды. Гэта мой табе падарунак!

I мы, сапраўды, заляцелі на тую планету. Я чамусьці чакаў, што там будзе нешта асаблівае. Мроіў пра незвычайную цывілізацыю, у якой будзе чаму і нам, зямлянам, павучыцца. Аказалася ж, мае мроі былі дарэмнымі. Планета — ну проста вымерлая! Амаль ніякай расліннасці, адно нейкія шары рухаюцца і рухаюцца ў паветры! Мы там не сталі доўга затрымлівацца, і наш камандзір, каб зрабіць выгляд, што мы ўсё-такі не дарэмна туды заляцелі, раптам сказаў:

- А шары гэтыя няпростыя... Мусіць, від нейкай асаблівай матэрыі і, зазначу, - жывой! Давайце прыхопім некалькі з сабою!

Не ведаю, як і ўдалося, але мы прыхапілі два з іх. Яны сапраўды былі падобныя да жывога цела. Але мы іх нават у спецыяльную камеру не сталі размяшчаць, такія былі сімпатычныя шарыкі, маўляў, хай лётаюць па караблі! Адным словам, парушылі ўсе інструкцыі. I вось аднаго разу закружылі гэтыя шарыкі ў мяне над галавой. Я падняў вочы і... не паверыце, абамлеў! Адзін з гэтых шарыкаў і не шарык зусім, а самая што ні ёсць сапраўдная змяіная галава. Вочы лупатыя, джала высунула і загаварыла нашаю зямною беларускаю моваю:

- Не палохайся, зямлянін! Мы з тых істот, што ўмеюць мяняць не толькі сваю форму, але і вельмі хутка разумеюць чужую мову. Я ўжо вельмі і вельмі старая, я не далячу да вашай Зямлі, а вось ён, Руйша, - паказала на другі шарык, які таксама стаў змяінаю галавою, - ён даляціць! Гэта - мой сын і ён маладзенькі надта. Як маці, прашу цябе, зямлянін, не чыніце яму зла, не рабіце нічога кепскага. Ён, як толькі даляціць да Зямлі, памяняе сваю форму, стане тым, што найбольш будзе даспадобы вам, зямлянам. I ніколі не парушыць вашага спакою. Я вельмі прашу цябе, зямлянін, выканай маю просьбу, адпусці Руйшу, як толькі дасягнеце Зямлі. Ты нас бачыш зараз такімі, якія мы ёсць на самай справе. Змеегалоўнікі мы!

Сказала ўсё гэта яна мне і зноў закруцілася шарыкам. Памяняў сваё змяінае аблічча і яе сын Руйша. Маці праз колькі часу памерла - шарык распаўся на мноства частачак, якія, у сваю чаргу, распыліліся. Што ж да мяне, дык я выканаў тую просьбу. Я не мог адмовіць маці, хай сабе і з племені Змеегалоўнікаў. Як толькі мы прызямліліся, сказаў камандзіру:

- Што будзем рабіць з гэтым шарыкам? На маю думку, дык хай ляціць поруч з намі, ён амаль ручны.

— Хай ляціць, — пагадзіўся камандзір.

I вось мы пакідаем карабель. У нейкі момант шарык адстае ад нас, я азіраюся, бачу, як ён нібыта ўваходзіць у зямлю, у глебу. I тут жа, у тое ж самае імгненне, бы выстрэльвае, вырастае расліна. Я вяртаюся, падбягаю да яе. Яна ўжо - у кветках і кветкі нагадваюць змяіную галаву. Не паспеў я як след іх разгледзець, як да мяне даляцеў ледзь чутны шэпт:

— Дзякуй табе, зямлянін! Я цяпер на ўсё сваё жыццё застануся толькі раслінай...

Хочаце — верце, хочаце — не, але менавіта я назваў гэтую расліну змеегалоўнік Руйша. А людзі занеслі яе ў Чырвоную кнігу.

 

Венерын чаравічак

Кропля дажджу засталася ў жоўценькай кветцы. I ёй там было, напэўна, утульна. Кветка ж нагадвала чаравічак, з якога немагчыма было выкаціцца. I ўспомніліся мне чаравічкі нашай Венеры. У іх я таксама бачыў кроплю... Дажджу, расы, ці, можа, гэта была сляза ?

3 нататніка астранаўта.

Гэта было памылковае паведамленне, што як быццам жыхары вельмі далёкай планеты з сузор'я Цяльца, якое можна пабачыць толькі на зімовым небе, хочуць пайсці вайною на нас, зямлян. Проста недакладна расшыфравалі радыёсігналы адтуль, якія дайшлі да Зямлі. I ўсё ж вырашана было паслаць туды наш міжпланетны экіпаж для перамоў. I ўяўляеце, якім было наша здзіўленне, калі нас, беларусаў, там сустрэлі болыш чым міралюбна.

Тут трэба сказаць, што тая планета шмат чым нагадвала нашу Зямлю: тыя ж дрэвы, трава, раўніны і горы... Адрознівалася адным: яе насялялі толькі жанчыны, якія жылі не ў звыклых для нас зямных пабудовах, а ў шкляных, якія нагадвалі гіганты-ліхтары. Мы маглі бачыць праз тонкае шкло, як жанчыны расчэсваюць свае валасы, як накрываюць на стол і які пры гэтым выкарыстоўваюць посуд, як сядзяць на канапе, калі глядзяць тэлевізар, і яшчэ шмат што іншае. Але, калі ўсё, што мы бачылі наўкол, пачыналі ахутваць прыцемкі, было ўражанне, што гэтыя дамы-ліхтары напаўняюцца нейкім ілюмінацыйным газам. Яны ззялі, мігцелі рознымі колерамі, і ўсё, што там у іх адбывалася, было бы ў густым тумане. Мы нічога не бачылі. Можна было толькі здагадвацца, што жанчыны рыхтуюцца да сну. Ды справа не ў гэтым.

Найболыш нас уражвала тое, што жанчыны былі ўсе на адзін твар і незвычайна прыгожыя. Акрамя гэтага, усе — прыблізна аднаго і таго ж узросту. Іх скура была асляпляльна белая, толькі шчокі ружавелі, што тыя яблычкі на досвітку ў садзе, надзіва свежыя ад кропляў расы. Нехта з нас не стрымаўся і выгукнуў у захапленні, калі мы першы раз пабачылі гэтых жанчын:

— Ды яны ж сапраўдныя Венеры! Багіні, якім няма роўных! I жанчыны ахвотна пагадзіліся з тым, што яны — багіні.

Толькі папрасілі, каб выключна ўсіх іх называлі Венерамі.

— Дык як жа мы іх будзем адрозніваць адну ад адной, — спытаў наш камандзір, — калі ўсе яны будуць мець аднолькавае імя?!

I адказ на гэтае пытанне мы атрымалі вельмі хутка. Надараліся ў жыцці жанчын моманты, калі яны адрозніваліся адна ад адной. Гэта была вялікая неверагоднасць. Ужо праз некалькі дзён нашага гасцявання на той планеце мы пачулі жудасны крык лабаранта-біёлага, самага маладога з членаў нашага экіпажа. Ён бег да карабля ад яркага дома-ліхтара і крычаў:

— Пачвара! Пачвара! Нам трэба хутчэй пакідаць гэтую планету!

I тут жа расказаў нам, што хацеў зайсці ў той дом-ліхтар, але насустрач яму выйшла жанчына, у якой у яго на вачах у адначассе памяняўся колер скуры. 3 асляпляльна белага ён стаў пачварна зялёным. Жанчына нагадала яму вялікую жабу, якая стаяла на задніх лапах і гатова была накінуцца на яго. Мы не паверылі ў гэта, але хутка да нас на карабель прыйшла адна з жанчын і растлумачыла, што мы не павінны гэтай з'явы палохацца, таму што колер скуры ў жанчын на той планеце сапраўды мяняецца. Гэта залежыць ад іх настрою. Калі ён добры — колер скуры іскрыцца белізною. А варта толькі жанчыне засумаваць, раззлавацца, занервавацца, як скура ў момант можа стаць зялёнай, чырвонай, аранжавай, фіялетавай... Адпаведна мяняецца і выраз твару, міміка, рухі. Мы проста жахнуліся! Відаць, не ўсё на той планеце было так добра, як здавалася на першы погляд. Напэўна, яна была поўная і іншых нечаканасцей, таму і паспяшаліся як мага хутчэй яе пакінуць. Мы высветлілі, што жанчын не цікавіла наша Зямля, што яны міралюбна ставяцца да нас, зямлян, і пачалі збірацца ў зваротную дарогу. I тут адбылася нечаканасць. Адна з жанчын пачала ўпрошваць нашага камандзіра, каб мы ўзялі яе з сабою да нас, на Зямлю.

Магчыма, ён і не пагадзіўся б, але ўмяшаліся мы ўсе — члены нашага экіпажа і падтрымалі жанчыну ў яе жаданні. А чаму б і не? Чаму б не наведаць нашу планету іншапланецянцы, у якой колер скуры залежыць ад яе настрою? Гэтак яно і здарылася.

Мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі разам з ёю. I які ў яе быў настрой, сказаць было цяжка. Час ад часу пазіралі на яе фіялетавае аблічча і міжволі адварочваліся. Але колер скуры ў яе хутка мяняўся і, калі мы пакідалі касмадром, яна мала чым адрознівалася ад зямлянак.

Венеру, як мы працягвалі называць жанчыну, мы пасялілі ў тым жа самым доме, дзе жыў камандзір. I яна проста не адыходзіла ад яго. Ён увесь час прасіў яе, каб яна захоўвала добры настрой, каб нічым не выдавала сябе. Мы хацелі, каб яна прывыкла да зямнога жыцця, а потым ужо абвясціць, што ў нашым гарадку — іншапланецянка. Але праз некалькі месяцаў Венера пачала збягаць ад нашага камандзіра і хавацца ў навакольным лесе, дзе падоўгу стаяла пад густымі кронамі старых дрэў. Асабліва аблюбавала адну алешыну. Мы зразумелі, што яна кепска сябе адчувае на Зямлі, што ёй шкодзіць зямны клімат, таму і стараецца схавацца ад сонечных промняў і ўвогуле ад святла. Гэта пацвярджаў і колер яе скуры. Ён пачаў мяняцца з асляпляльна белага ў аранжава-агністы, нібыта яе спальваў агонь суму, тугі па роднай планеце. I вось неяк Венера з раніцы схавалася ў лесе, і мы доўга не маглі яе адшукаць. А калі адшукалі, дык роспачна сумеліся: пад дрэвам, дзе яна хавалася, замест яе быў маленькі грудок попелу. Адно чаравічкі, яе зіхоткія жоўценькія чаравічкі, усё роўна як два яркія агеньчыкі, мігцелі ў густой траве. Гэтыя чаравіч­кі ўзяў наш камандзір і доўга зберагаў іх як дарагую памяць. Але зараз ужо гаворка не пра гэта.

Аднойчы, калі мы вярнуліся на Зямлю пасля працяглага падарожжа, хтосьці з нас выпадкова, а, можа, і знарок, апынуўся пад тым дрэвам, дзе шмат гадоў таму назад не стала нашай Венеры. I як жа ён быў здзіўлены, калі на тым месцы, дзе яна стаяла ў апошнія хвіліны свайго жыцця, ён пабачыў расліну, кветкі якой былі якраз як Венерыны чаравічкі. А на кары дрэва праступала ледзь бачная выява жаночай постаці. Дрэва тое потым хтосьці спілаваў. А вось расліну мы так і назвалі: венерын чаравічак, і людзі не памянялі гэтай назвы. Вось толькі чамусьці яна хаваецца ад людскіх вачэй, вельмі рэдка яе можна пабачыць. Таму гэтая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі від зямной флоры.

 

Мы ляцелі тады да сузор'я Арла, а дакладней, да ягонай самай галоўнай зоркі — Альтаір. Наша падарожжа было разлічана на шмат гадоў, і невядома, чым бы яно скончылася, калі б мы не атрымалі загад з Зямлі тэрмінова вяртацца назад, таму што там, у сузор'і Арла, пачалі адбывацца незразумелыя нам, зямлянам, з'явы.

Штосьці там змянялася. Было падобна, што асобныя планеты, якія знаходзіліся ў тым сузор'і, сыходзяць са сваіх арбіт. Адным словам, адбываліся нейкія глабальныя катастрофы. Мы не маглі не падпарадкавацца загаду, і вось тут пачалося самае цікавае. Мы самі пачалі цярпець катастрофу. Нешта разладжвалася ў нашым міжпланетным караблі, які належаў ці не да самага першага пакалення зоркалётаў. Усяму экіпажу было зразумела: неабходна тэрміновая пасадка.

Мне цяпер цяжка сказаць, дзе гэта адбылося, але мы пасадзілі карабель на яшчэ нікім, здаецца, не адкрытай планеце. Помню, яе паверхня ўразіла нас сваім сіне-лілаватым ззяннем. Мы набліжаліся да яе, і гэтае ззянне ўзмацняла­ся. «Карабель ляціць у фіялетавую ноч», — зазначыў наш доктар, у якога было прозвішча Савіч. Звычайна яго так і называлі: доктар Савіч. Але ўсё тлумачылася вельмі проста. Мы гэта зразумелі, калі карабель пасадзілі на паверхню. Выключна ўся прастора гэтай невялікай планеты была ўсеяна дзівоснымі сіне-ліловымі кветкамі. Адны кветкі, больш нічога! Было чаму падзівіцца — ні травы, ні дрэў, ні птушак... I ўсё ж планета чымсьці нагадвала нашу Зямлю. Там было паветра, былі рэкі і азёры. Праўда, выглядала яна надзіва самотнай — без насельнікаў. Але мы памыляліся. О, як жа мы памыляліся!

Ніхто не адважваўся выходзіць з карабля, толькі наш галоўны біёлаг папрасіў у камандзіра дазволу спусціцца на паверхню. Яго надта ж прываблівалі кветкі. I ён ужо гатовы быў зрабіць гэта, атрымаўшы дазвол. I тут... Тут мы пабачылі, што гэтая планета зусім не самотная, што на ёй жывуць людзі. Ага-а, вельмі падобныя да нас істоты. Якія ж гэта былі прыгажуны! Адны хлопцы — маладыя, дужыя. Яны жылі ў сутарэннях. Магчыма, там у іх былі сапраўдныя гарады, якіх мы не змаглі пабачыць. Мы назіралі адно: яны выходзілі з нетраў планеты на паверхню — дзесяткі, сотні, магчыма, нават тысячы. I наш карабель іх нібыта зусім не цікавіў. Ва ўсякім выпадку, яны не спынялі на ім сваіх позіркаў, а ішлі проста да кветак.

Што нам давялося пабачыць далей, у гэта цяжка было паверыць. Але мы былі жывымі сведкамі ўсяго таго неверагоднага, што адбывалася. Хлопцы аблюбоўвалі, выбіралі сабе кветкі, але іх не рвалі, а прысядалі кожны перад сваёю кветкаю на кукішкі. Потым даставалі з кішэняў невялікія дудачкі і пачыналі іграць на іх. Ах, якое гэта было ігранне! Паўсюль разлівалася музыка, якую яшчэ нідзе і ніколі не даводзілася нам чуць, ад якое кветкі злёгку пакалыхваліся, а хлопцы... Хлопцы на момант пераставалі іграць, і тады з іх вуснаў зрываліся дзіўныя словы: «Касач!.. Касач!.. Касач!..»

Далей для нас усё адбывалася як у сне. Ва ўсякім выпадку, нічога падобнага ў зямным чалавечым жыцці не бывае. Мы раптам пабачылі, што з кветак пачынае віцца лёгкі дымок. Не паверыце, з кожнай кветкі! I ў гэтым дымку ўжо праз нейкае імгненне можна было заўважыць жывую істоту, якая проста на вачах расла, расла і... ператваралася ў чароўную дзяўчыну, якая апускалася на паверхню. Дзяўчаты былі незямной красы. Такіх прыгожых ні на Зямлі, ні на іншых планетах нікому з членаў нашага экіпажа яшчэ не даводзілася сустракаць. Ад іх немагчыма было адарваць вачэй. Хлопцы паднімаліся з кукішак, хавалі свае дудачкі ў кішэні празрыстых камбінезонаў у якія былі апрануты. Потым кожны з іх працягваў сваёй дзяўчыне руку, і яны ўсё роўна як правальваліся пад паверхню гэтай, пагадзіцеся, ну проста казачнай планеты. I адразу ж на тым месцы з'яўляліся новыя кветкі. Нам жа заставалася толькі здзіўляцца.

Прайшло колькі часу, механікі-астранаўты адрамантавалі наш карабель, а галоўны біёлаг усё-ткі спусціўся на паверхню. Думаю, што ён асабліва і не аглядаў тыя кветкі, ён проста ўзяў некалькі з іх разам з іншапланетным грунтам і перанёс на карабель у спецыяльную камеру.

Пасля, калі мы ўжо ляцелі на Зямлю, нехта з нашага экіпажа казаў, што бачыў, як аднойчы ноччу галоўны біёлаг прысядаў на кукішкі перад той камерай і даставаў з кішэні зробленую ім свісцёлку. Па караблі расплывалася ціхае ігранне, ды можна было чуць, як час ад часу біёлаг пачынаў шаптаць: «Касач!.. Касач!.. Касач!..» Але кветкі, трэба думаць, заставаліся нерухомымі, ніякага дымку з іх не з'яўлялася. А, магчыма, гэтага ўсяго і не было. Я ж сам магу сказаць адно, што мне давялося там, на той планеце пабачыць вялікае дзіва. I гэта самая сапраўдная праўда.

Праз нейкі час, калі мы ўжо прыляцелі на Зямлю, галоўны біёлаг пасадзіў тыя кветкі недалёка ад нашага касмадрома ў нізінцы за Раўбічамі. I мне неаднойчы здаралася за ім назіраць, хоць гэта, магчыма, і не надта добра — сачыць за чалавекам. Але тут жа асаблівы выпадак. Біёлаг прысядаў каля кветак на кукішкі, даставаў з кішэні штосьці накшталт жалейкі і пачынаў іграць... Потым перапыняўся, і я мог толькі здагадвацца, што ў гэты момант ён прамаўляе тыя самыя чароўныя тры слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..» Яму вельмі хацелася, каб з нейкай адной з тых кветак пачаў віцца дымок, з якога б выйшла дзівоснай красы прыгажуня. Але нічога падобнага не адбывалася. Праўда, хто ведае...

Калі над нашаю Зямлёю ўзнімаецца асляпляльная белая поўня, у самую светлую ноч, мажліва з кветак і з'яўляюцца тыя прыгажуні і пачынаюць вадзіць свае чароўныя карагоды, поўныя незямной вытанчанасці і смутку. Так, смутку. Ім жа, напэўна, хочацца вярнуцца на сваю планету. Але гэтага ніхто ніколі не бачыў. Вядома толькі, што з часоў таго нашага падарожжа беларусы пачалі зваць тыя трапяткія, прыгожыя сіне-ліловыя кветкі касачамі і потым праз шмат гадоў занеслі іх у Чырвоную кнігу. Не ведаю, як каму, а мне вельмі, вельмі шкада будзе, калі яны знікнуць.

Я ўжо стары, надта стары, а хто яшчэ зусім маладзенькі, паспрабуйце зрабіць сабе дудачку. Знайдзіце мясцінку, дзе растуць касачы, і прысядзьце каля кветак на кукішкі, пасля зайграйце. Магчыма, некаму і пашанцуе: ён пабачыць спачатку лёгкі дымок, а потым і чароўную прыгажуню, якая, думаецца мне, абавязкова раскажа пра сваю далёкую дзівосную планету ў неабсяжным Сусвеце. I пра кагосьці невядомага нам, хто прамаўляў ёй аднойчы тры загадкавыя пяшчотныя слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..»

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2024-07-06; просмотров: 48; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 216.73.216.196 (0.011 с.)