Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву
Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Тэма 9: Рэлігія і культура ВКЛ 17 – 18 стст.Содержание книги
Похожие статьи вашей тематики
Поиск на нашем сайте Рэлігійныя адносіны. Этнічныя працэсы. Адукацыя і навука. Культура. Рэлігійныя адносіны. 17 – першая палова 18 стст. адзначаюцца ў рэлігійным жыцці ВКЛ істотным ростам палітычнага, эканамічнага і ідэалагічнага ўплыву рымска-каталіцкай царквы. Гэтаму садзейнічала Контррэфармацыя – рух, які ахапіў усе каталіцкія краіны Еўропы і быў накіраваны на ўзмацненне ролі і значэння каталіцкай царквы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама на барацьбу з варожымі адносна царквы вучэннямі, асабліва пратэстанцкімі. Галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі становіцца створаны ў сярэдзіне 16 ст. манаскі ордэн езуітаў. На тэрыторыі ВКЛ езуіты з’яўляюцца ў 1569 г. А ўжо на пачатку 1770-х гг. тут дзейнічала каля 90 езуіцкіх устаноў. Пашыралася дзейнасць і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, кармеліты, бенедэктынцы, піяры, бернардзінцы, аўгусцінцы). Асноўныя накірункі Контррэфармацыі: - актыўная прапаганда сярод насельніцтва, асабліва шляхты, на карысць каталіцызму; - актыўная палітычная і эканамічная падтрымка каталіцкай царквы з боку дзяржавы; - арганізацыя сеткі каталіцкіх, найперш езуіцкіх, навучальных устаноў; - арганізацыя пры каталіцкіх манаскіх ордэнах дабрачыннай і культурнай дзейнасці (бясплатныя шпіталі, тэатры і г.д.); - гвалтоўныя дзеянні часткі духавенства і езуітаў у адносінах да іншаверцаў (пагромы, падпалы культавых будынкаў і г.д.). Так, па ініцыятыве езуітаў адбыліся антыпратэстанцкія пагромы ў Вільні ў 1581, 1591, 1611, 1639, 1682 гг. Ва ўмовах Контррэфармацыі каталіцкая царква ўзмацніла намаганні, накіраваныя на падпарадкаванне праваслаўнай царквы. Вышэйшае праваслаўнае духавенства ў канцы 16 ст. прыхільна ставілася да ідэі аб’яднання з каталіцкай царквой, паколькі спадзявалася такім чынам вызваліцца з-пад апекі свецкіх апякуноў. Ідэя царкоўнай уніі знайшла падтрымку з боку дзяржаўнай улады падчас каралявання Жыгімонта Вазы. 6-9 кастрычніка 1596 г. на царкоўным саборы ў Берасці большасць праваслаўных епіскапаў Рэчы Паспалітай на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам прыняла рашэнне пра далучэнне да каталіцкай царквы. Умовы Берасцейскай царкоўнай уніі: - праваслаўная царква Рэчы Паспалітай прызнавала ўладу рымскага папы і выходзіла з-пад падпарадкавання Канстанцінопальскага патрыярхату; - праваслаўная царква прызнавала каталіцкае веравучэнне; - захоўваліся ранейшыя абрады, традыцыі, мова набажэнстваў праваслаўнай царквы. Аднак у той жа час большасць сярэдняга і дробнага праваслаўнага духавенства і некаторыя епіскапы, а таксама шырокія колы праваслаўнай шляхты і мяшчан выступілі супраць уніі. У кастрычніку 1596 г. яны правялі ў Берасці альтэрнатыўны сабор, які абвясціў адлучэнне ад царквы епіскапаў-уніятаў і пацвердзіў падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху. Такім чынам, адбыўся раскол царквы на уніяцкую і праваслаўную. Дзяржаўная ўлада актыўна падтрымлівала уніяцкую царкву. Афіцыйна ўсе правы і прывілеі, якія належалі праваслаўнай царкве, пераходзілі да ўніяцкай. На падставе гэтага дзяржаўныя (гарадскія) праваслаўныя цэрквы перадаваліся уніятам, а калі ў горадзе не было прыняўшых унію святароў, храмы зачыняліся. Здараліся выпадкі прымусовага навяртання праваслаўных да уніі. Праваслаўная царква была пазбаўлена фактычна сталага юрыдычнага статусу і не мела легітымнай іерархіі. Дадзеная сітуацыя стала асновай праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту. Праваслаўныя спрабавалі давесці незаконнасць уніі; паміж праваслаўнымі і уніятамі ішлі пастаянныя спрэчкі за царкоўную маёмасць. Праваслаўная шляхта разам з пратэстанцкай актыўна выступала на соймах і сойміках з патрабаваннямі гарантый юрыдычных правоў для праваслаўнай царквы. Найбольшую актыўнасць у канфлікце мелі праваслаўныя і уніяцкія брацтвы, якія складаліся пераважна з ліку мяшчан. Брацтвы наладжвалі свае канфесійныя друкарні, школы, выдавалі палемічную літаратуру. Асабліва абвастрыўся праваслаўна-уняцкі канфлікт пасля таго, як у 1620 г. іерусалімскім патрыярхам Феафанам была пасвечана новая праваслаўная іерахія. Дадзены акт фактычна абвяшчаў пазбаўленне уніяцкіх епіскапаў іх пасад. Дзяржаўныя ўлады не прызналі дадзенага пасвячэння і пачалі пераследаванні прыхільнікаў новай іерахіі. Канфлікт у некаторых месцах набыў узброеныя формы. Найбольш вядомым актам насілля стала забойства ў Віцебску ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Паступова рэлігійны канфлікт сталі выкарыстоўваць як ўнутраныя палітычныя сілы (казакі), так і знешнія (Маскоўская дзяржава), абвяшчаючы сябе абаронцамі праваслаўя у Рэчы Паспалітай. Для суцішэння рэлігійнага канфлікту кароль Уладыслаў Ваза ў 1632 г. абвясціў пра аднаўленне правоў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай у складзе трох епархій на чале з кіеўскім мітрапалітам. Тэрыторыя ВКЛ уваходзіла ў склад Магілёўскай епархіі. Дзяржава афіцыйна прызнала правы і прывілеі праваслаўнай царквы. У 1632-1635 гг. быў прыняты шэраг дакументаў, паводле якіх адбываўся падзел храмаў і маёмасці паміж праваслаўнымі і уніятамі (толькі ў Полацку і Віцебску забаранялася дзейнасць праваслаўных храмаў). Аднак канфлікт паміж праваслаўнымі і ўніятамі працягваўся; у 1630-1640-я гг. яго галоўнай формай сталі маёмасныя спрэчкі ў судах. Гэты канфлікт адыгрываў значную ролю падчас казацкай вайны 1648-1653 гг. і вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай захавала ранейшую структуру праваслаўнай царквы. У выніку уніі зменшыўся ўплыў свецкіх асоб. На ўзор каталіцкіх быў створаны уніяцкі манаскі ордэн базыльян, які адыгрываў вядучую ролю ў прапагандзе уніяцтва, а таксама ў развіцці уніяцкай адукацыі і літаратуры. Тым не менш да другой паловы 17 ст. уніяцтва мела значна меншую колькасць вернікаў у параўнанні з праваслаўем. У 1647 г. у Рэчы Паспалітай налічвалася каля 4 тыс. уніяцкіх абшчын, у той час як праваслаўных – каля 13,5 тыс. Аднак дыскрымінацыя і змяншэнне аўтарытэту праваслаўнай царквы пасля “вялікага патопу”, актыўная падтрымка з боку дзяржавы прывялі да імклівага пашырэння уніяцтва ў канцы 17 – 18 стст. У канцы 18 ст. у ВКЛ уніятамі былі звыш 2/3 насельніцтва (у тым ліку сярод сялянства – каля 80%). У той жа час у гэты перыяд назіралася паступовае набліжэнне культу уніяцкай царквы да рымска-каталіцкай. Дадзеная тэндэнцыя знайшла была афіцыйна замацавана рашэннямі Замойскага сабору 1720 г. Уплыў праваслаўнай царквы ў канцы 17 – 18 стст. істотна зменшыўся. У канцы 18 ст. праваслаўныя складалі каля 6,5% насельніцтва ВКЛ. З 1686 г. праваслаўная царква Рэчы Паспалітай перайшла ў падпарадкаванне Маскоўскага патрыярхату. Выкарыстоўваючы гэта, Маскоўская (Расійская) дзяржава часта ўмешвалася ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай на падставе абароны правоў праваслаўнай меншасці. У выніку Контррэфармацыі пераважная большасць пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ да канца 17 ст. пераходзіць у каталіцызм. У шляхецкай свядомасці з гэтага часу замацоўваецца ўсведамленне тоеснасці паміж шляхецтвам і каталіцызмам. Шырокая падтрымка контррэфармацыйнага руху з сярэдзіны 17 ст. не толькі з боку дзяржавы, але і большай часткі шляхты прыводзіць да абмежавання рэлігійнай талеранцыі ў Рэчы Паспалітай. Гэта адлюстроўвалі наступныя заканадаўчыя акты і з’явы: - выгнанне ў 1658-1662 гг. з тэрыторыі Рэчы Паспалітай антытрынітарыяў; - забарона пераходу з каталіцызму ў іншыя веравызнанні паводле соймавай канстытуцыі 1668 г.; - забарона замацоўваць дзяржаўнай пячаткай дакументы, якія б прадугледжвалі карысць для асоб некаталіцкага веравызнання; - забарона для некаталіцкай шляхты займаць дзяржаўныя пасады і выбірацца ў сойм паводле соймавых пастаноў 1717 і 1733 гг. Пад уплывам Контррэфармацыі мела месца дыскрымінацыя правоў мяшчан праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання ў гарадах. Аднак у той жа час юрыдычная правамоцнасць акту Варшаўскай канфедэрацыі захоўвалася да канца існавання Рэчы Паспалітай. Захоўваліся правы і прывілеі іншаэтнічных этнаканфесійных груп. Дадзеныя з’явы сведчылі аб ўздзеянні традыцыі талеранцыі ў ВКЛ. Такім чынам, у рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст. найбольш істотнымі з’явамі сталі развіццё контррэфармацыйнага руху, стварэнне і паступовае пашырэнне ўплыву уніяцкай царквы, змяншэнне ўплыву праваслаўнай і пратэстанцкіх канфесій, прававое абмежаванне рэлігійнай талеранцыі.
Этнічныя працэсы. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў ВКЛ у 17 – 18 стст. запаволілі складванне беларускай народнасці. Моцным ударам па беларускай народнасці і культуры сталі войны 16 – 18 стст. Асабліва моцны ўдар быў нанесены гарадам. Гарадское насельніцтва ў 17 – першай палове 18 стст. значна скарацілася. Паколькі менавіта гарады з’яўляюцца цэнтрамі фарміравання народнай (нацыянальнай) самасвядомасці, то іх заняпад садзейнічаў запавольванню працэсаў нацыяўтварэння і захаванню сярэднявечных форм самасвядомасці (рэгіянальная, карпаратыўная, канфесійная). У 17 – 18 стст. канчаткова завяршаецца працэс фарміравання карпаратыўнай саслоўнай супольнасці – палітычнага шляхецкага народа Рэчы Паспалітай. У аснове яе самасвядомасці знаходзіліся ідэалогія сарматызму і польская мова як сродак унутранай камунікацыі. Пад сарматызмам разумеецца ідэалогія, якая абгрунтоўвае асаблівы статус шляхты як пануючага саслоўя ў грамадскай сістэме краіны. У падмурку знаходзіўся міф пра паходжанне шляхты Рэчы Паспалітай ад старажытных сарматаў – плямёнаў, якія жылі ў 1–4 стст. на тэрыторыі сучаснай Украіны. Дадзены міф падкрэсліваў, з аднаго боку, адасобленасць шляхты ад іншага насельніцтва, з другога – роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай. У межах сарматызму сцвярджаліся наступныя прынцыпы: – адданасць каталіцызму (падкрэсліваліся заслугі шляхты Рэчы Паспалітай у барацьбе з “нявернымі” (туркамі, татарамі), “схізматыкамі” (маскавітамі), “ератыкамі” (шведамі); – кансерватызм у эканамічных і грамадска-палітычных адносінах; сцвярджэнне нязменнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і непарушнасці “шляхецкіх вольнасцяў”; – патрыярхальнасць (сцвярджэнне ідэалу патрыярхальных адносін паміж шляхтай і сялянамі, а таксама ў шляхецкай сям’і). Ідэалогія сарматызму праводзіла думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае палітычнае жыццё краіны; Рэч Паспалітая разглядалася як падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усходняй Еўропе. Абвяшчэнне шляхтай сваёй адасобленасці ад астатняга насельніцтва і паступовае адмаўленне яе ад выкарыстання старабеларускай мовы на карысць польскай садзейнічалі дэзінтэграцыі беларускай народнасці. Разрабаваныя падчас войнаў гарады і мястэчкі перастаюць засяляцца сялянамі, якія патрапілі ў прыгонную залежнасць, і засяляюцца яўрэйскім насельніцтвам. Такім чынам, беларускай культура кансервуецца толькі ў вёсцы, на ніжэйшай ступені сацыяльных структур. За беларускай мовай і яе носьбітамі замацаваўся статус “простай” і “мужыцкай”. Паступова старабеларуская мова пачынае замяняцца польскай у дзяржаўным справаводстве. Згодна з пастановай сойму 1696 г. яна страціла статус дзяржаўнай у ВКЛ. Хаця, нельга казаць аб поўнай паланізацыі вышэйшых слаёў грамадства. Аб веданні беларускай мовы ў шэрагах шляхты ВКЛ нават у канцы 18 ст. сведчыць, напрыклад, абвешчаны ў 1785 г. тост караля Рэчы Паспалітай С. Панятоўскага на піры у А. Радзівіла Пане-каханку: “Пане, кажы віна даці, каб гора не знаці!” Такім чынам, этнічныя працэсы на землях ВКЛ у 17 – 18 стст. характарызаваліся паступовай дэзінтэграцыяй беларускай народнасці, кансервацыяй старых форм грамадскай самасвядомасці, канчатковым фарміраваннем палітычнага шляхецкага народу і яго культурнай паланізацыяй.
Адукацыя і навука. У выніку Контррэфармацыі на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка каталіцкіх сярэдніх навучальных устаноў – калегіумаў, найперш езуіцкіх. Калегіумы давалі класічную гуманітарную адукацыю. Навучанне было бясплатным, прымаліся юнакі любых саслоўяў і веравызнанняў. Усе дысцыпліны выкладаліся на лацінскай мове. Цэнтрам езуіцкай адукацыі становіцца вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія (з 1579 г.). Яна стала буйнейшым культурным цэнтрам у краіне. Адукацыя ў межах акадэміі мела двухузроўневы характар. Тэрмін 4-гадовага навучання прадугледжваў сярэднюю адукацыю. Дадатковы 2-4-гадовы курс даваў вышэйшую адукацыю. У склад акадэміі першапачаткова ўваходзілі два факультэты: філасофскі і тэалагічны. На першым выкладаліся ўсе гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі таго часу: фізіка, метафізіка, матэматыка, логіка, рыторыка, паэтыка, геаграфія, старажытныя і сучасныя еўрапейскія мовы; на другім – тэалогія, кананічнае права, казуістыка. У 1644 г. пачаў дзейнічаць юрыдычны факультэт. У 1753 г. пры акадэміі была заснавана абсерваторыя. Выпускнікі акадэміі атрымлівалі тытул магістра. У 17-18 стст. Віленская акадэмія з’яўлялася цэнтрам навуковага жыцця ў ВКЛ. Тут ажыццяўляліся даследаванні ў сферы матэматыкі, фізікі, астраноміі, сацыяльна-гуманітарных навук. На ўзор езуіцкіх калегіумаў ствараюцца школы іншых каталіцкіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, піяры) і уніяцкага ордэну базыльян. Да сярэдзіны 18 ст. каталіцкія адукацыйныя ўстановы дзейнічалі фактычна ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. У праваслаўных брацкіх школах з пачатку 17 ст. паступова пачынае ўводзіцца адукацыйная методыка, выпрацаваная езуітамі (выкладанне, аднак, ажыццяўляецца на царкоўнаславянскай мове). Цэнтрам праваслаўнай адукацыі ў Рэчы Паспалітай становіцца Кіева-Магілянская акадэмія, створаная ў 1632 г.; навучальны працэс у яе межах быў арганізаваны на ўзор Віленскай акадэміі. У 1740-1760-я гг. ажыццяўляецца рэформа піярскіх калегіумаў. У межах навучальнага працэсу пашыраюцца курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, замежных моў. Замест лаціны выкладанне пераводзіцца на польскую мову. Піярскія школы дзейнічалі ў Вільні, Віцебску, Лужках, Лідзе, Глыбокім і інш. У піярскіх школах выкладанне вялося на польскай мове, а таксама вялікая ўвага ў іх надавалася прыродазнаўчым навукам. У 1773 г. паводле рашэння рымскага папы быў скасаваны ордэн езуітаў. У Рэчы Паспалітай уся маёмасць ордэна перадавалася створанай у тым жа годзе Адукацыйнай Камісіі, якая ўяўляла з сябе агульнадзяржаўнае ведамства па справах адукацыі. Былыя езуіцкія калегіумы пераўтвараліся ў падначаленыя дзяржаве свецкія акруговыя і падакруговыя школы. У ВКЛ была створана спецыяльная навучальная акруга, кіраўніцтва якой ажыццяўляла Галоўная школа ВКЛ (былая Віленская езуіцкая акадэмія). У межах акругі намаганнямі Адукацыйнай камісіі на базе былых езуіцкіх калегіумаў былі заснаваны 5 акруговых і 25 падакруговых школ. Створаныя школы знаходзіліся на дзяржаўным утрыманні. Навучальныя праграмы набылі свецкі характар, у іх структуры павялічвалася роля прыродазнаўчых і сацыяльных навук. Віленская акадэмія ў 1781 г. атрымала назву Галоўная школа ВКЛ; навучанне ў ёй таксама атрымлівае свецкі характар. Школа падзялялася на маральны і фізічны факультэты. На першым выкладаліся старажытныя мовы, гісторыя, тэалогія, рыторыка і г.д.; на другім – матэматыка, астраномія, механіка, фізіка, хімія, медыцына. У Гародні ў 1775 г. па ініцыятыве французкага навукоўца Ж. Жалібера былі створаны медыцынская школа і гарадскія аптэкі, а брытанец Г.Форстэр адкрывае тут батанічны сад. У 1781 г. батанічны сад і медыцынская школа былі пераведзены ў Галоўную школу ВКЛ. На развіццё навукі ў другой палове 18 ст. значны ўплыў мелі ідэі Асветніцтва. Асветніцтва – агульнаеўрапейскі сацыяльны і культурны рух 18 ст., накіраваны на перабудову ўсіх сфер грамадскага жыцця на аснове прынцыпаў розуму. Характэрнай рысай асветніцкай ідэалогіі з’яўлялася вера ў тое, што шляхам распаўсюджання ведаў можна дасягнуць усеагульнага дабрабыту і грамадскай справядлівасці. Найбольш значнымі накірункамі развіцця навукі ў ВКЛ у 17 – 18 стст. з’яўляліся: - логіка і матэматыка (М. Сміглецкі, К. Нарбут і інш.); - фізіка і астраномія (А. Каяловіч, М. Пачобут-Адляніцкі і інш.); - гісторыя (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч і інш.); - сацыяльна-гуманітарныя навукі (А. Алізароўскі, І. Храптовіч, Г. Страйноўскі). На пачатку 18 ст. у Амстэрдаме Іван Капіевіч выдаў 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, марской справе і інш. Там жа Казімір Семяновіч выдаў падручнік па балістыцы, феерверках і ракетабудавані (першае апісанне шматступенчатых ракет) “Вялікае мастацтва артылерыі”, які быў лепшым у Еўропе на працягу двух стагоддзяў. Такім чынам, у 17 – 18 стст. на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка адукацыйных устаноў, якая ўключае ў сябе ўстанову вышэйшай адукацыі. На базе Віленскай акадэміі адбываецца правядзенне навуковых даследаванняў. З апошняй чвэрці 18 ст. у ВКЛ арганізуецца свецкая сістэма адукацыі. Разам з тым адукацыя і навука ў ВКЛ у гэты перыяд мелі элітарны характар; абсалютная большасць насельніцтва заставалася немісьменнай.
Культура. У культурным жыцці 17 – першай палове 18 стст. у ВКЛ назіраўся ўплыў Контррэфармацыі. У другой палове 18 ст. вядучым фактарам развіцця культуры становяцца ідэі Асветніцтва. Літаратура У 17 ст. ва ўмовах Контррэфармацыі і рэлігійнай барацьбы дасягае росквіту рэлігійная палемічная літаратура. Найбольш вядомымі яе прадстаўнікамі з’яўляюцца Мацей Бембус, Іпацій Пацей, Язэп Руцкі (з боку рыма-католікаў і уніятаў), Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сільвестр Косаў (з боку праваслаўных). Жорсткім рэпрэсіям падвяргалася літаратура, у якой змяшчалася вальнадумства ў сферы рэлігіі. За антырэлігійныя выпады, выкладзеныя ў “Трактаце аб не існаванні Бога”, у Варшаве у 1689 г. быў спалены Казімір Лышчынскі. Працягвае развівацца грамадска-палітычная літаратура, якая ў гэты час, аднак пераважна выступае ў выглядзе рэлігійнай палемікі або палітычнай сатыры (“Ліст да Абуховіча”, 1654). У другой палове 18 ст. распаўсюджваецца ананімная літаратура, у якой змяшчаліся праекты рэфармавання розных бакоў грамадскага ладу ВКЛ, у тым ліку адмены прыгоннага права (“Аб польскіх прыгонных”, 1788 і г.д.). У 17 – 18 стст. далейшае развіццё атрымліваюць мемуарная літаратура, асабістая карэспандэнцыя, лакальныя хронікі (“Баркулабаўская хроніка”, “Хроніка горада Магілёва”). У 17 ст. вядучым стылем літаратуры ў ВКЛ становіцца барока. Да стылю барока належаць паэтычныя творы Сімяона Полацкага (зборнікі “Сад шматколерны”(1678), “Рыфмалагіён”(1680). Тэатр Адным з першых відаў тэатру ў ВКЛ стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з 16 ст. У 17 ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы рэлігійнага і гістарычнага зместу, а таксама інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове. Першыя прыватныя прыгонныя тэатры былі адкрытыя: Радзівіламі ў 1740-я г. у Нясвіжы і Слуцку, у Слоніме і Гародні – Агінскімі, Шклове – графам Зорычам. Асноўнымі формамі тэатральных пастановак былі п’есы і ідыліі, якія знаходзіліся пад уплывам маралізму, характэрнага для эпохі Асветніцтва. Сюжэт гэтых твораў быў просты: ён распавядаў аб лёсе сялян ці шляхты, якія парушылі нейкія правілы і былі за гэта пакараныя. Найбольш вядомым аўтарам 18 ст. з’яўляецца Францішка Уршуля Радзівіл, якая напісала 16 п’ес і оперных лібрэта (“Гульня фартуны”,”Ідылія” і інш.). Мовай твораў была польская і французкая, але для таго, каб паказаць шчырага і дасціпнага селяніна, выкарыстоўваліся беларуская мова і фальклор. У 1787 г. у школьным Забельскім тэатры на Полаччыне была пастаўлена першая беларускамоўная п’еса – “Камедыя”, аўтарам якой быў мясцовы настаўнік К. Марашэўскі. Архітэктура ВКЛ у разглядаемы перыяд шырока выкарыстоўвала стыль барока. Яно было пашырана ў двух накірунках: 1) двухвежавая пабудова храмаў (Полацкая Сафія, Беразвецкі кляштар (архітэктар – Я.К. Глаўбіц), ратуша ў Віцебску) з павышанай пластычнасцю фасадаў і вежаў, якая атрымала назву віленскага барока; 2) ракако, што ўяўляла з сябе больш багатую на аздабленне мадыфікацыю барока (Гарадзенскі і Нясвіжскі фарны касцёл). Для абарончых мэтаў пачынаюць выкарыстоўвацца бастыённыя сістэмы (Ляхавічы, Быхаў). Замкі перабудоўваюцца ў палацы, побач з якімі разбіваюцца паркі у французкім, італьянскім і англійскім стылях. На грошы магнатаў будуюцца мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай: Радзівіламі разбудоўваецца Нясвіж, Агінскімі – Слонім, Сапегамі – Ружаны, Храптовічамі – Шчорсы і Бешанковічы, С. Панятоўскім – Гародня і Воўчын, А. Тызенгаўзам – Паставы і г.д. Пад уплывам еўрапейскай моды барока паступова перараджаўся ў класіцызм, для якога характэрныя спробы аднавіць антычныя архітэктурныя ўзоры (каланады, портыкі, ордэры) на новым узроўні развіцця тэхналогій. Найбольш яркім прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца палац Сапегаў у Ружанах. Выяўленчае мастацтва. У 17 ст. у выяўленчым мастацтве з’яўляецца такі накірунак як свецкі партрэт. Пачаткам яго лічыцца сармацкі партрэт. Прадстаўнікоў магнацкіх фамілій малявалі з максімальна магчымай адпаведнасцю да арыгінала, змяшчалі побач з імі прыкметы іх статусу (гетманам – булаву, пісцам – пяро, канцлерам – пячатку і гд.) і легенду, на якой быў герб і пералічваліся пасады, якія займаў гэты чалавек. На лаканічным шэрым ці чорным фоне мужчыны звычайна маляваліся ў парадным узбраенні, а жанчыны ў святочнай вопратцы, прычым аўтары ўжо спрабавалі паказаць іх прыгажосць і пачуцці (напрыклад партрэты Барбары Радзівіл і Соф’і Алелькі-Радзівіл). На сродкі магнатэрыі ствараюцца родавыя партрэтныя галерэі (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы) і прыватныя зборы мастацтва (Нясвіж, Вільня). У 18 ст. асноўным накірункам выяўленчага мастацтва становіцца ман’ерызм, для якога характэрныя псіхалагічнасць і пышнасць малюнка. Сармацкі партрэт пераўтвараецца ў парадны (для рэпрэзентатыўных функцый ў родавых галерэях) і трумны (выстаўляўся падчас пахавання шляхціца і ўяўляў з сябе дакладнае адлюстраванне яго аблічча на цёмным фоне). У канцы 18 ст. адбываецца пераход да класіцызму, для якога характэрныя антычныя сюжэты і вопраткі нават для паказу сучасных падзеяў і герояў (Ф. Смуглевіч, Я. Рустэм). Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Пышная барочная і класічная архітэктура багата аздаблялася высокамастацкай ляпнінай, аб’емнай разьбой і рэалістычный скульптурай, а таксама фрэскамі (Нясвіжскі палац). Працягваюць развівацца мясцовыя школы іканапісу ў Полацку, Менску і Гародні. З-за вымушанай міграцыі беларускіх майстроў і разрабавання гарадоў падчас “патопу” помнікі нашай культуры раскіданыя па музеях свету. Магілёўскія дойліды сталі аднымі з пачынальнікаў украінскага барока. Аб’ёмная разьба з пазалотай, багатай расліннымі і жывёльнымі матывамі (т.зв. “беларуская рэзь”) упрыгожвае храмы ў Маскве. У 18 ст. узнікае свецкае музычнае мастацтва. Пры тэатрах існавалі аркестры і капэлы. М. Радзівіл стварыў оперу “Агатка”, якая з поспехам некалькі дзесяцігоддзяў ставілася на сцэнах Еўропы. Р. Агінскі стаў аўтарам артыкула аб арфе ў першым выданні французкай энцыклапедыі, а яго сын М.К. Агінскі – паланэзу “Развітанне з Радзімай”. Такім чынам, развіццё мастацкай культуры ВКЛ у 17 – 18 стст. адбывалася пад моцным уплывам стыляў барока і класіцызму, а з канца 18 ст. таксама ідэй Асветніцтва.
Асноўныя паняцці: Контррэфармацыя, езуіты, Берасцейская царкоўная унія, уніяцкая царква, базыльяне, сарматызм, калегіумы, Віленская езуіцкая акадэмія, брацкія школы, піяры, Адукацыйная камісія, Галоўная школа ВКЛ, Асветніцтва, інтэрмедыі, віленскае барока, ракако, класіцызм, сармацкі партрэт, ман’ерызм. Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Што такое Контррэфармацыя? Які ўплыў яна аказала на змены ў рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – першай палове 18 стст.? 2. Які манаскі ордэн з’яўляўся галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі? 3. Вызначце асноўныя накірункі Контррэфармацыі ў ВКЛ. 4. Калі была заключана Берасцейская царкоўная унія? Якія яна прадугледжвала ўмовы? 5. Вызначце прычыны і характар праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту ў Рэчы Паспалітай у першай палове 17 ст. 6. Калі ўлады Рэчы Паспалітай ажыццявілі аднаўленне правоў праваслаўнай царквы? Чым гэта было выклікана? Ці прывяла дадзеная падзея да спынення праваслаўна-уніяцкага канфлікту? 7. Чым абумоўлены рост уплыву ўніяцкай царквы і змяншэнне ўплыву праваслаўнай царквы ў ВКЛ у другой палове 17 – 18 стст.? 8. Якія факты сведчылі пра звужэнне рэлігійнай талеранцыі ў ВКЛ у 17 – 18 стст.? 9. Якія сацыяльныя фактары абумовілі запавольванне фарміравання беларускай народнасці ў 17 – 18 стст.? 10. Чым вызначалася самасвядомасць палітычнага шляхецкага народа? Якія можна вылучыць асноўныя рысы ідэалогіі сарматызму? 11. Чым было абумоўлена зніжэнне статусу старабеларускай мовы ў грамадскім жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст.? 12. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё адукацыі ў ВКЛ у канцы 16 – першай палове 18 стст.? Які каталіцкі ордэн здолеў стварыць найбольшую колькасць навучальных устаноў? 13. Які характар мела адукацыя ў Віленскай акадэміі? Якія яна мела факультэты? 14. Якую ролю мела рэформа піярскіх калегіумаў у развіцці адукацыі ў ВКЛ? 15. Якую дзейнасць ажыццяўляла Адукацыйная камісія? Якімі былі вынікі гэтай дзейнасці? 16. Якія змены адбыліся ў дзейнасці Віленскай акадэміі пасля пераўтварэння яе ў Галоўную школу ВКЛ? 17.У чым заключаецца сутнасць ідэй Асветніцтва? 18.Вызначце асноўныя накірункі навуковых даследаванняў у ВКЛ у 17 – 18 стст? 19.Назавіце асноўныя характэрныя рысы развіцця літаратуры ВКЛ у 17 – 18 стст. 20.Якіх дзеячоў літаратуры ВКЛ разглядаемай эпохі Вы ведаеце? 21.Якія дзейнічалі асноўныя віды тэатру ў ВКЛ у 17 – 18 стст.? 22.Якія асноўныя прыкметы віленскага барока? 23.Што характэрна для архітэктуры і выяўленчага мастацтва класіцызму? 24.Назавіце асноўных архітэктараў і мастакоў разгладаемай эпохі.
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Праваслаўна-уніяцкі рэлігійны канфлікт у Вільні 1606 – 1610 гг. 2. Дзейнасць ордэна базыльян у ВКЛ. 3. Пратэстанцкія абшчыны ў ВКЛ у 17 – 18 стст. 4. Сарматызм у грамадска-палітычнай думцы і мастацкай літаратуры ВКЛ 16 – 18 стст. 5. Полацкі езуіцкі калегіум: гісторыя ўзнікнення і развіцця. 6. Піярскія калегіумы ў ВКЛ у 18 ст. 7. Станаўленне прыродазнаўчых навук у межах Віленскай акадэміі 17 – 18 стст.
|
||
|
Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 919; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 216.73.217.21 (0.021 с.) |